2 снежня: першы тыдзень Адвэнту

У той час:

Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падыйшоў да Яго сотнік і прасіў Яго, кажучы: Пане! Слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна пакутуе.

Езус кажа яму: Я прыйду і вылечу яго.

Сотнік жа сказаў у адказ: Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой. Бо і я чалавек падуладны, але маю пад сабою жаўнераў, кажу аднаму: Ідзі, і ідзе; і другому: Прыйдзі, і прыходзіць; і слузе майму: Зрабі тое, і робіць.

Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў услед за Ім: Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. Кажу ж вам, што многія  прыйдуць з усходу і захаду і сядуць за стол з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным (Мц 8, 5–11).

Сёняшні ўрывак Евангелля паказвае нам асобу сотніка, якую ўсхваляе Езус – “Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры”.

Чаму Езус кажа гэтыя словы да сотніка? Па-першае, сотнік праяўляе вялікую любоў у дачыненні да свайго слугі. Тут здіўляе тое, што ён, як гаспадар, просіць за свайго слугу. Хоць ён і есць тым, хто стаіць вышэй за сваіх слуг, але не адкідвае ўчынкі міласэрнасці ў дачыненні да сваіх слугаў. Па-другое, ён ведае, што адзіны паратунак у Хрысце – “ …скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой”. І таму, мы бачым здзіўленне Хрыста, які ставіць нам сотніка ў прыклад.

Распачаты Адвэнт, гэта час калі мы намагаемся аднавіць наноў нашыя адносіны з Богам. Гледзечы на сотніка, варта спытаць сябе: ці праяўляю я любоў да людзей, якія на гэта не заслужылі або не змогуць мне за гэта адудзячыць. Па прыкладзе Хрыста варта напоўніцца такой любоў’ю, каб праз гэта наблізіцца да Бога і бліжняга.

Іншы момант, на які варта звярнуць увагу, гэта поўны давер да Бога: “Пане я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова…” Праз давер сотнік выпрошвае для слугі аздараўленне. Так і мы ў сваім духоўным жыцці, напаўняемся ласкай аздараўлення, калі праз пакаянне просім аб адпушчэнні грахоў. Таму трэба адкінуць той страх, ляноту і іншыя заганы, якія нам перашкаджаюць прыйсці да Хрыста, лекара нашых душ. Няхай распачаты намі Адвэнт стане тым часам, у якім мы адкрыем моц Божай любові, якая аздараўляе нас, і тых, да каго мы прагнем гэтую любоў занесці.

Кс. Антон Лагунёнак

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі