18 снежня: трэці тыдзень Адвэнту

Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.

Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.

А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог».

Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю (Мц 1, 18–24).

“Перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе…

Дарагія браты і сёстры, узаемаадносіны паміж Юзафам і Марыяй, іх сямейнае жыццё і тое, як яно праходзіла “пераскокваюць” сваёй гісторыяй многія сюжэты бразільскіх серыялаў і сучасных сямейных меладрам.

Калі б мы сапраўды “улезлі ў скуру” святой сям’і і перажылі нават малую долю таго ў сваім жыцці што і яны, то засаромеліся б шматлікіх нашых нараканняў на жыццё. Наш цяжар ужо не казаўся б такім нязносным. Мы б пачалі часцей дзякаваць і славіць Бога за тое, што маем, з кім жывём, якія ў нас дзеці, унукі і г.д.

абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.”

Святы Юзаф прымае Божыя планы, хоць іх і не разумее. Ён давярае Богу і Марыі. Згаджаецца з усімі вынікамі яе “fiat” выбару. Юзаф не закрываецца ў сваім болю, няўпэўненасці. Хоць вельмі пакутуе, аднак застаецца адкрытым на голас Божы і таму ў цяжкіх сітуацыях атрымоўвае адказы ад Бога на жыццёвыя пытанні.

Для нас праведны Юзаф ёсць жывым прыкладам у будаванні сямейнага жыцця сярод разнастойных унутраных і знешніх клопатаў, матэрыяльных і духоўных праблем. Ягоныя цноты: сціпласць, клапатлівасць, цвярозасць, маўклівасць, працавітасць, вернасць жонцы да канца — з’яўляюцца доказамі дзеяння Божага Духа ў адкрытым сэрцы чалавека.

Няхай прыклад сямейнага жыцця святога Юзафа прывядзе і нашыя сем’і да еднасці з Богам, Марыяй і блізкімі.

Кс. Яўген Міхайлаў

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі