1300-гадовы хлеб для св. Камуніі з выявай Езуса знойдзены ў Турцыі

Археолагі ў турэцкай правінцыі Караман знайшлі пяць боханаў візантыйскага хлеба, якія датуюцца VII-VIII стагоддзямі. На адной з іх прысутнічае выява Хрыста і надпіс па-грэцку: «З падзякай благаслаўлёнаму Езусу».

Хлеб быў знойдзены ў Топрактэпе (калісьці Эйрэнапаліс, старажытны горад пад юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага патрыярхату). Знаходка вылучаецца сваёй іканаграфіяй: замест звычайнай выявы Хрыста Пантакратара на хлебе намаляваны Езус як сейбіт або земляроб — аграрны матыў, які непасрэдна звернуты да мясцовых супольнасцей, у жыцці якіх вера, праца і сельская гаспадарка былі цесна пераплецены.

На іншых хлябах бачныя адбіткі мальтыйскага крыжа, што пацвярджае меркаванне, што яны выкарыстоўваліся ў якасці хлеба для святой Камуніі ў Літургіях.

Як мог хлеб захоўвацца на працягу 1300 гадоў? Даследчыкі звяртаюць увагу на рэдкі ланцуг падзей: моцная спёка абвугліла боханы, а затым яны на доўгі час заставаліся пад зямлёй з нізкім узроўнем кіслароду і стабільнай тэмпературай. Гэта дазволіла добра захаваць паверхню боханаў, у тым ліку такія дэталі, як надпісы і выявы.

Навукоўцы плануюць правесці мікраскапію і тамаграфію, каб вызначыць зярняткі і спосаб выпечкі хлеба. Гэта можа праліць святло на асаблівасці харчавання і набажэнстваў у сярэдне-візантыйскай Анатоліі. Боханы былі знойдзены ў месцы, якое мела фундаментальнае значэнне для хрысціян ва ўсім свеце. Значная частка сучаснай Турцыі была домам для ранніх хрысціянскіх супольнасцей — ад падарожжаў Паўла па Малой Азіі да сямі цэркваў, згаданых у ранніх крыніцах, — і ключавых сабораў, такіх як Нікейскі (у сучасным Ізніку), дзе быў сфармуляваны Сімвал веры.

Для католікаў знаходка мае асаблівае духоўнае вымярэнне, бо Катэхізіс вучыць, што асновай Эўхарыстыі з’яўляецца хлеб і віно — «знакі дабрыні стварэння», — якія становяцца Целам і Крывёю Хрыста. Матыў Хрыста-земляроба таксама пераклікаецца з евангельскім вобразам сейбіта, запрашаючы нас убачыць святасць у простай працы і штодзённым хлебе.

Па меры далейшага развіцця даследаванняў навукоўцы спадзяюцца атрымаць новыя веды: ад відаў збожжавых да тэхналогій выпякання, што пракладзе мост паміж сучаснай малітвай і трапезнымі сталамі ранніх хрысціян у Анатолі. Пасланне, захаванае на тым старажытным хлебе, да гэтага часу блізка чалавечаму сэрцу — удзячнасць.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку