11 снежня: другі тыдзень Адвэнту

Аднойчы:

Адказваючы, Езус сказаў: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі (Мц 11, 28-30).

Езус звяртаецца да кожнага з нас: прыйдзі да Мяне, і Я супакою цябе!

Нажаль, вельмі часта шукаем суцяшэння там, дзе яго ніколі не знойдзем. Шукаем суцяшэння на вечарынках, у алкаголі, наркотыках, парнаграфіі, хворых адносінах, здрадзе, у акультызме, і г. д. Але, калі нават мы адчуем сябе лепш, гэта ўсё роўна будзе часовым і падманлівым суцяшэннем.

Езус заклікае нас: «Вазьміце ярмо Маё на сябе». Але, каб узяць на сябе адно ярмо, трэба спачатку скінуць з сябе тое, што мы носім. Калі мы хочам узяць на сябе ярмо Езуса, то трэба скінуць з сябе ярмо, якое самі на сябе ўсклалі шукаючы падманлівага суцяшэння.

Ці хочам мы пазбавіцца ад гэтага фальшывага суцяшэння, гэтага ярма, якое аддаляе ад Валадарства Божага? Магчыма, прывыклі да свайго граху настолькі, што ўжо нам з ім зручна, што ўжо нават не ўяўляем жыцця без яго?

Якія твае пастановы на гэты Адвэнт? Можа яны тасама фальшывыя, і не прынясуць ніякага суцяшэння? Толькі так, для «галачкі», бо трэба нешта зрабіць.

Ёсць яшчэ час. Езус чакае, каб суцешыць цябе. Зрабі што-небудзь са сваімі грахамі, каб стаць крыху бліжэй да Валадарства Божага, дзе будзем суцешаны ўсе.

Кс. Алег Хмылко

для друку для друку