- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

11 снежня: другі тыдзень Адвэнту

[1]Аднойчы:

Адказваючы, Езус сказаў: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне: бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі (Мц 11, 28-30).

Езус звяртаецца да кожнага з нас: прыйдзі да Мяне, і Я супакою цябе!

Нажаль, вельмі часта шукаем суцяшэння там, дзе яго ніколі не знойдзем. Шукаем суцяшэння на вечарынках, у алкаголі, наркотыках, парнаграфіі, хворых адносінах, здрадзе, у акультызме, і г. д. Але, калі нават мы адчуем сябе лепш, гэта ўсё роўна будзе часовым і падманлівым суцяшэннем.

Езус заклікае нас: «Вазьміце ярмо Маё на сябе». Але, каб узяць на сябе адно ярмо, трэба спачатку скінуць з сябе тое, што мы носім. Калі мы хочам узяць на сябе ярмо Езуса, то трэба скінуць з сябе ярмо, якое самі на сябе ўсклалі шукаючы падманлівага суцяшэння. [2]

Ці хочам мы пазбавіцца ад гэтага фальшывага суцяшэння, гэтага ярма, якое аддаляе ад Валадарства Божага? Магчыма, прывыклі да свайго граху настолькі, што ўжо нам з ім зручна, што ўжо нават не ўяўляем жыцця без яго?

Якія твае пастановы на гэты Адвэнт? Можа яны тасама фальшывыя, і не прынясуць ніякага суцяшэння? Толькі так, для «галачкі», бо трэба нешта зрабіць.

Ёсць яшчэ час. Езус чакае, каб суцешыць цябе. Зрабі што-небудзь са сваімі грахамі, каб стаць крыху бліжэй да Валадарства Божага, дзе будзем суцешаны ўсе.

Кс. Алег Хмылко