Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў астравецкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбылася калядная пастаноўка

Каляды – самае прыгожае свята, якое вяртае да вытокаў, нагадвае аб найважнейшых рэчах у жыцці. З асаблівым замілаваннем перажываюць Божае нараджэнне дзеці – яны ўмеюць шчыра радавацца прыходу Хрыста ў гэты свет, перажываць гэты момант з асаблівым трапятаннем.  

У астравецкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана была прадстаўлена калядная пастаноўка “Віфліем”, у якой прынялі ўдзел маленькія парафіяне.

Амаль цэлы месяц дзеці пад кіраўніцтвам сястры Марыны Лютай, пробашча парафii кс. Андрэя Горбача, а таксама бацькоў рыхтаваліся да прэм’еры. Калядная гісторыя расказала гледачам пра прыход Збавіцеля. Дзеянне суправаджалася каляднымі песнямі і танцамі.

“У пастаноўцы было задзейнічана 14 чалавек, якія напомнілі біблейскі сюжэт (Анёл, сняжынкі, пастушкі, мудрацы, Марыя і Юзаф). Дзеці з вялікім запалам рыхтаваліся да пастаноўкі – разам з бацькамі прыдумлялі  касцюмы, развучвалі песні і танцы. Праз гэтую дзейнасць нашы маленькія парафіяне глыбей зразумелі сутнасць калядных святаў, пераасэнсавалі вядомыя рэчы, змаглі стаць на крок бліжэй адзін да аднаго. Гэта надзвычай радуе”, — зазначае сястра Марына.

У канцы мерапрыемства маленькім артыстам былі ўручаны салодкія падарункі.

Вольга Заянчкоўская

для друку для друку