Украіна атрымала сертыфікаваную копію Турынскай плашчаніцы

На днях ва Украіну прыбыла копія Турынскай плашчаніцы, першае адрозненне якой у тым, што гэта сертыфікаваная копія. Гэта значыць зроблена майстрамі ў самім Турыне з усімі пасведчаннямі аб яе паходжанні. Другая асаблівасць гэтай плашчаніцы ў тым, што Украіне яе падарылі, а не проста далі для ўшанавання на час Вялікага посту.

— У Венецыі ёсць брацтва св. Марка», — распавёў кс. Бэнэдыкт Свідэрскі OFM, міністр правінцыі св. Арханёла Міхаіла братоў меншых ва Украіне. — Яго настаяцель Марыё По — вялікі прыхільнік нашага народа і аўтар кнігі пра Украіну, сябар нашай правінцыі. Такім бачным знакам ён хацеў выказаць еднасць і салідарнасць італьянскага народа з народам украінскай зямлі падчас вайны: падарыць Украіне сертыфікаваную копію Турынскай плашчаніцы.

Як адзначаюць святары, якія атрымліваюць дапамогу з-за мяжы, у прыватнасці з Італіі, італьянцы вельмі ахвотна падтрымліваюць Украіну. Але пры гэтым не менш імкнуцца, каб гэтая дапамога была выключна неваеннага, а нават гуманітарнага характару, каб яна не апынулася на фронце. Таму ідэя падарыць копію плашчаніцы спецыяльна для Украіны як мага больш адпавядае гэтым памкненням.

Адзінства хрысціян выяўляецца перш за ўсё ў малітве. Цікава, што Марыё По не святар, а дзеяч культуры, які аднавіў гістарычную Scuola Grande di San Marco a Venezia (Брацтва св. Марка), католік з актыўнай пазіцыяй. Гэта трэці момант асаблівага значэння гэтай копіі плашчаніцы: ініцыятар гэтага незвычайнага падарунка для пакутнай Украіны — свецкі чалавек.

— Падчас першага ў трэцім тысячагоддзі паказу плашчаніцы (публічныя паказы называюцца ostensioni, ад лацінскага «ostendere» — «паказваць») , у 2010 г., былі зроблены новыя фотаздымкі плашчаніцы, — працягвае кс. Бенэдыкт — З гэтай нагоды Дыяцэзіяльная камісія па справах плашчаніцы ў Турыне зрабіла дзесяць сертыфікаваных копій з гэтых апошніх фотаздымкаў.

Марыё По папрасіў Яго Эксцэленцыю Раберта Рэполе, біскупа Турына, перадаць Украіне сертыфікаваную копію плашчаніцы, бачнага знака смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Біскуп пагадзіўся; 18 лютага, у першую нядзелю Вялікага посту, гэтую копію — вырабленую пры музеі кафедральнага сабора, дзе захоўваецца гэтая вялікая рэліквія хрысціян, — асвяцілі. У малітве асвячэння прагучалі словы, што копія прызначаная менавіта для Украіны.

Пасля асвячэння ў Турыне копія плашчаніцы наведала Верону, дзе адбылася святая Імша і тэматычны вечар, прысвечаны Украіне. Ва Украіну яе прывезлі «нестандартным» шляхам: не ў Львоў, дзе звычайна пачынаюцца розныя гуманітарныя акцыі, а ў Жытомір.

У парафіі св. Яна з Дуклі для плашчаніцы, прывезенай проста як складзенае палатно, вырабілі драўляную раму і выставілі з нагоды правядзення парафіяльных велікапосных рэкалекцый. Пробашч парафіі кс. Бэрнард Пятроў OFM адзначае, што для вернікаў гэта, несумненна, стане выдатнай магчымасцю для больш глыбокай малітвы і лепшага разумення рэкалекцыйных навук.

Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку