Браты капуцыны — гэта каталіцкі манаскі ордэн, які актыўна займаецца місіянерствам і дабрачыннасцю па ўсім свеце. Ёсць капуцыны і ў Слоніме.
Адзін з іх, брат Войтэк, перад Калядамі сам вырабляе цудоўныя батлейкі, якія потым раздаюцца прыхаджанам, якія іх замовілі, піша GS.BY.
Карэспандэнт «ГС» вырашыў паглядзець на батлейкі, а таксама задаць некалькі пытанняў брату Войтэку.
— Брат Войтэк, скажыце, адкуль Вы родам?
— Я родам з цэнтральнай Польшчы, з горада Апочна.
— Як даўно Вы ўжо служыце Богу?
— Ужо амаль 20 гадоў. Я з`яўляюся братам Ордэна капуцынаў.
— А на Беларусі Вы ўжо колькі?
— Пятнаццаць гадоў, адразу быў у вёсцы Парафіянава Віцебскай вобласці, потым амаль 13 гадоў — у Докшыцах. І вось цяпер я ў Слоніме, ужо больш за год.
— Якія Вашы ўражанні ад Слоніма?
— Вельмі добрыя ўражанні. Людзі файныя. Касцёл святога Андрэя вельмі прыгожы, праўда, трошкі пашкоджаны. Але з тых шасці касцёлаў на Беларусі, дзе працуюць браты-капуцыны, гэты самы прыгожы.
— Брат Войтэк, даўно Вы вырабляеце гэтыя батлейкі?
— Ужо чацвёрты год. Навучыўся іх рабіць я сам, але падштурхнуў да гэтага мяне адзін з братоў у Докшыцах. Ён падказаў мне ідэю, як не марнаваць час увечары, а займацца справай.
— І шмат вырабляеце батлеек?
— У мінулым годзе, напрыклад, зрабіў каля 60 батлеек. У гэтым годзе я ужо раздаў каля 30. А раней рабіў і па 100, і па 150. Але ж цяпер спраў многа, не заўсёды ёсць час, бо шмат працы, ідзе падрыхтоўка да святаў.
Раблю ж я гэтыя батлейкі з таго, што знаходжу. Напрыклад, хаджу з дзецьмі ў лес, там збіраю кару, шышкі. Таксама знаходжу дошкі і іншыя прылады, з таго і робяцца батлейкі.
— Вы ніколі на сталяра ці каго іншага, хто звязаны з вырабамі з дрэва, не вучыліся?
— Не, ніколі не вучыўся.
— Чым Вы яшчэ ў жыцці захапляецеся?
— Маё хобі ў асноўным звязана з маёй прафесіяй. Я электраманцёр на чыгунцы. Мне з самага дзяцінства падабаецца чыгунка і ўсё, што з ёй звязана. Тым больш мая мама працавала на чыгунцы, дзядуля таксама.
— Наколькі я ведаю, Вы яшчэ файна ўмееце гатаваць ежу?
— Не ведаю, ці файна, але гатую. (Смяецца.) Браты-капуцыны гадоў 10-15 таму папрасілі быць за кухара, і вось з той пары гатую. Гадоў пяць гатую ежу разам з дзецьмі, вучу іх.
— Вы ўжо даволі даўно на Беларусі, ці не сумуеце па сваёй Радзіме?
— Я прыехаў у Беларусь па сваёй волі. І за гэтыя 15 гадоў, што я на Беларусі, Польшча пайшла наперад, там шмат што змянілася, і думаю, што мне цяпер было б цяжка ўжо вяртацца ў Польшчу. Ды мне і ў Беларусі вельмі хораша.
— Значыць, за 15 гадоў Вы засвоілі беларускую культуру, беларускую ментальнасць?
— Ну, выходзіць, што так.
— Брат Войтэк, што Вы пажадаеце слонімцам у Новым 2017 годзе?
— Я хацеў бы, каб людзі больш часу ўдзялялі Богу. Хацеў бы, каб яны знаходзілі час на малітвы. Тым больш у нашыя цяперашнія цяжкія часы. Іх перажываць з Богам сама лепей. Таму жадаю людзям, каб яны знайшлі супакой менавіта з Богам.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


