1 кастрычніка 2022 года ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве прайшоў шосты ружанцовы кангрэс. Сёлетняя сустрэча праходзіла пад дэвізам “Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання”. Мэтай кангрэса, як заўсёды, было паглыбленне духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі вернікаў, якія моляцца на ружанцы і хочуць адкрываць тэалагічныя глыбіні, змешчаныя ў яго таямніцах.
На мерапрыемства з’ехаліся вернікі з усіх куткоў Беларусі і з-за мяжы. Сёлетні кангрэс узначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама прысутнічаў дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Малітвай да Маці Божай мітрапаліт Юзаф Станеўскі распачаў кангрэс. Пасля ўдзельнікаў прывіталі біскупы і арганізатар мерапрыемства – айцец Раман Шульц OP.
Першая дакладчыца — сястра Ганна Судуйка CHR прадставіла кнігу “Святая Ядвіга, каралева: заклік да навяртання і абвяшчэнне Божага Валадарства”. У сваім выступленні сястра Ганна адзначыла жыццё св. Ядвігі, якая сваёй галоўнай мэтай абрала распаўсюджванне Евангелля, але распаўсюджванне не прапагандай, а ўласным прыкладам. Св. Ядвіга ўмела добра спалучаць малітоўна-сузіральнае жыццё з дзейсным жыццём, таму яна з’яўляецца добрым прыкладам для сучаснага хрысціяніна.
Другі даклад быў прадстаўлены сястрой Дар’яй Еўтухоўскай FMA пад назвай “Святы Ян Павел II: заклік да дзяцей, моладзі і жанчын”, у якім яна звярнула ўвагу слухачоў на асноўныя думкі святога Папы ў яго пасланнях да дадзеных вышэй груп.
Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якога ўдзельнікі маліліся на ружанцы. Таксама на працягу ўсяго дня была магчымасць ушанавання рэліквій святой Ядвігі.
Трэці дакладчык – спадар Дзяніс Серадзін — прадставіў асноўныя пункты пасланняў святога Яна Паўла II да сем’яў, пажылых людзей і мастакоў. Спадар Дзяніс таксама падзяліўся ўласным вопытам шматдзетнага бацькі, што было вельмі карысна. Ён распавёў гісторыю сустрэчы сваёй жонкі са святым Папам.
Апошняй свой даклад прадставіла спадарыня Наталля Вашчэнка. Мэтай дакладу было — заахвоціць слухачоў азнаёміцца з творам айца Яцака Салія “У пошуках праўдзівага шляху”. У гэтай кнізе айцец Салій адказвае на цікавыя і найбольш распаўсюджаныя пытанні і дае зразумелыя парады наконт штодзённага жыцця.
Пасля заканчэння дакладаў быў перапынак, падчас якога ўдзельнікі маглі адпачыць і абмеркаваць свае ўражанні ад кангрэсу. Спадарыня Станіслава з Мінска, якая першы раз удзельнічала ў кангрэсе, падзялілася з намі сваімі думкамі:
“Тут я адказала для сябе на многія пытанні, зразумела некаторыя памылкі ў сваім жыцці. Асабліва адклікаецца ўва мне і сёлетняя тэма “абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання”, бо менавіта гэтай таямніцай малюся ва ўсебеларускім ружанцовым коле. Таксама блізкая мне і святая Ядвіга, таму што з’яўляецца нябеснай апякункай маёй сястры Ядвігі, у якой, на жаль, з самага дзяцінства сур’ёзныя праблемы са здароўем, таму часта звяртаюся ў малітвах да гэтай святой.”
Таксама ў удзельнікаў кангрэса была магчымасць падзяліцца ўласнымі сведчаннямі пра плён ружанцовай малітвы. Вернікі актыўна ўзялі ўдзел у гэтай частцы кангрэсу.
Кульмінацыйным момантам кангрэса стала святая Імша, якую цэлебраваў мітрапаліт Юзаф Станеўскі разам з прысутнымі святарамі.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Рыта Ляховіч, фота
