У мінулую суботу 25-м кастрычніцкім днём на парафіяльны фэст у гонар святога Юды Тадэвуша, Апостала прыбылі таксама 11 спісаў Марыйных абразоў з санктуарыяў нашай краіны, што цяпер пілігрымуюць па Віцебскай дыяцэзіі.
Разам з пробашчам парафіі ксяндзом Яўгенам Міхайлавым святую Імшу ўзначаліў ксёндз канонік Эдвард Нарадоўскі, пробашч парафіі ў Задарожжы, айцец Пётр Фарына OCD з Нарачы і ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк – ініцыятар перэгрынацыі.
Разам з парафіяльнай супольнасцю памаліцца да святога Апостала Юды ў гэты дзень на свята прыбылі вернікі з суседніх парафій: Пастаў, Камаяў, Дунілавіч, а таксама былі пілігрымы з Мядзела і Нарачы.
Звяртаючыся да прысутных вернікаў, ксёндз Эдвард звярнуў увагу на значэнне імя Юды Тадэвуша. Калі мы чуем імя Юда, то звычайна ўзгадваем Юду Іскарыёта, здрадніка Езуса Хрыста. Але што азначае імя сённяшняга святога? Юда азначае – “годны пашаны”, а Тадэвуш – “адважны”. Але гэты Апостал Юда Тадэвуш быў заўсёды з Хрыстом. Згодна з гэтым значэннем мы таксама павінны быць адважнымі сведкамі Хрыста ў нашым паўсядзённым жыцці”, – дадаў святар.
На працягу ўсёй гісторыі было шмат святых: некаторыя дасягнулі святасці праз пакутніцтва, некаторыя былі Апосталамі, Евангелістамі, настаўнікамі, але былі і звычайныя, простыя людзі, якія мелі сем’і, выхоўвалі дзяцей, хадзілі на працу – і якія дасягнулі вечнага шчасця на нябёсах – нашай канчатковай мэты збаўлення.
Ксёндз Уладзіслаў распавёў кароткую гісторю з перэгрынацыі Марыйных абразоў і параўнаў базілікі з брамай, праходзячы праз якую, мы набліжаемся да Езуса, да Найсвяцейшага Сакраманту, да святыняў, да споведзі і Божага бласлаўлення. “Санктуарыі з’явіліся не самі сабой, а таму, што людзі звярталіся да Багародзіцы ў розных патрэбах, і Маці Божая адказвала цудамі, аб’яўленнямі і клапацілася пра нашых продкаў”. Нагадаў святар, што “найвялікшыя цуды адбываюцца ў канфесіянале – на споведзі, калі людзі каюцца і вяртаюцца да Бога, калі душы людскія збаўляюцца. Для гэтага і прыйшоў Збавіцель, каб выратаваць кожнага з нас, а не толькі вылечыць фізічна…” – дадаў ксёндз прэлат.
Напрыканцы набажэнства адбылася навэнна да святога Юды Тадэвуша з асабістымі просьбамі ад вернікаў, а завяршылася літургія, нягледзячы на моцны дождж, эўхарыстычнай працэсіяй вакол Лучайскай святыні і бласлаўленнем усіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамантам.
Абразы Божай Маці застануцца ў Лучайскім касцёле Св. Юды Тадэвуша да 14 лістапада, пасля чаго ў той жа дзень іх сустрэнуць вернікі суседняй парафіі святога Арханёла Міхала і Благаслаўлёнага Біскупа Міхала Козаля ў Варапаеве. Урачыстая святая Імша там адбудзецца а 18-й гадзіне.
Віктар Ведзень, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!





































