26 ліпеня, у свята святых Яўхіма і Ганны, у касцёле святога Юды Тадэвуша ў Лучаі адбыўся парафіяльны фэст.
Згодна з традыцыяй, якая склалася, фэст тут адзначаецца менавіта 26 ліпеня ў гонар святой Ганны, бабулі Езуса, алтар каторай у касцёле можна знайсці з правага боку ад галоўнага алтара.
На свята з’ехаліся госці з усёй Віцебскай дыяцэзіі, яны цалкам напоўнілі барочны касцёл XVIII стагоддзя. Галоўным цэлебрантам урачыстай святой Імшы быў айцец Віктар Жук SJ, якога запрасіў пробашч парафіі кс. Яўген Міхайлаў, на ўспамін аб тым, што касцёл быў пабудаваны езуітамі.
Падчас святой Імшы айцец Віктар нагадаў пра значнасць сувязі паміж пакаленнямі, цытуючы пасланне Папы Льва XIV на Сусветны дзень пажылых людзей: “Пераемнасць так часта ігнаруецца, нібыта развіццё сучасных тэхналогій перакрэслівае мудрасць мінулых пакаленняў; нібыта сучаснае пакаленне будуе ўсё з нуля” — і пракаментаваў яго, кажучы: ”Мы з’яўляемся часткай гісторыі, якая доўжыцца стагоддзямі і тысячагоддзямі – і ў гэтую гісторыю ўваходзіць Божы Сын, калі нараджаецца ў канкрэтнай сям’і, канкрэтным родзе.”
Таксама айцец Віктар заахвоціў верных паразважаць над цудамі Божай Міласці, найбольшым з каторых з’яўляецца вера: “Шчаслівыя, калі мы ўмеем усвядоміць тыя Божыя цуды, якія адбываюцца ў нашым жыцці і вакол нас. Шчаслівыя, калі ўмеем дзякаваць Богу, разумеючы найбольшы Яго дар у нашым жыцці – дар веры. Часам варта задацца пытаннем: дзе б я быў без веры? — менавіта дзякуючы яму мы маем здольнасць “бачыць і чуць” па-сапраўднаму». Пасля чаго святар заахвоціў прысутных: “актыўна выкарыстоўваць і развіваць гэту здольнасць праз практыкаванне, на якім асабліва настойваў св. Ігнацый: малітва “любячай увагі”, калі мы перад Богам, праглядаючы свой дзень, у першую чаргу імкнемся заўважыць праявы Ягонай любові, з удзячнасцю і праслаўленнем. У такой атмасферы мы вучымся слухаць па-сапраўднаму што Бог хоча нам сказаць, як хоча нам адкрыцца”.
Святар адзначыў яшчэ адзін важны дар Бога — сям’я, якая жыве паводле веры, у якой жыве Бог. «Яшчэ раз вяртаючыся да ўспаміну Яўхіма і Ганны мы усведамляем, што Божая Маці – як потым сам Божы Сын – раслі ў сям’і – месцы, якое было для іх, як і для нас, месцам узрастання ў ласцы і цнотах; месцы, якое павінна быць для кожнага месцам досведу любові і пяшчоты.”
Адным з кранальных момантаў гэтай святой Імшы стала аднаўленне прысутнымі сужанцамі іх сужанскіх абяцанняў.
Пасля святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога вернікі памаліліся літаніяй да святой Ганны. На заканчэнне адарацыі прысутныя прайшлі ва ўрачыстай працэсіі вакол касцёла, пасля чаго заспявалі гімн “Цябе Бога праслаўляем”.
Лаліта Арлоўская
