Нядаўна ў інданезійскай правінцыі Паўночная Суматра адбылося ўрачыстае адкрыццё новай статуі пад назвай «Езус Хрыстус Збаўца». Яе вышыня складае 61 метр, што на 20 метраў больш знакамітай статуі Хрыста Збаўцы ў бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра.
Новая статуя ўзвышаецца над узгоркам Сібеабеа, адкуль адкрываецца від на возера Тоба. Урачыстую цырымонію яе адкрыцця правёў старшыня Канферэнцыі біскупаў Інданезіі Антоні Субіанта Бунмайн з Бандунга. Іерарх распавёў, што Папа Францішак асвяціў мініяцюрную копію статуі ў пасольстве Ватыкана ў Джакарце падчас свайго візіту 6 верасня.
Святы Айцец таксама зрабіў подпіс: «тое, што захапляе нас у Езусе Збаўцы, — гэта Яго бясконцая любоў». Гэтыя словы выгравіраваны на металічнай пласціне ў ніжняй частцы статуі.
«Гэта ўзгорак, бласлаўлёны Богам. Чакаецца, што ён стане месцам, якое можа ўмацоўваць веру людзей», — сказаў біскуп Бунмайн.
Арцыбіскуп Карнэліус Сіпаюнг, які таксама прысутнічаў на цырымоніі, назваў статую Езуса «напамінам аб прысутнасці Бога ў свеце». «Гэта статуя з’яўляецца не толькі прадметам прыгажосці, але і заклікам да людзей быць святлом для свету», — сказаў прэлат і дадаў, што распасцёртыя абдымкі статуі азначаюць, што «Езус прымае кожнага з любоўю».
Трэцюю частку 15-мільённага насельніцтва Паўночнай Суматры складаюць хрысціяне, у тым ліку не менш за 1,1 мільёна католікаў. Яны спадзяюцца, што гэтая велічная статуя будзе крыніцай суцяшэння і натхнення для веруючых і няверуючых на доўгія стагоддзі.
Паводле credo.pro
пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
