Былы футбаліст зборнай Аргенціны, форвард Рубэн Сэкка распавёў, што Златка Даліч, трэнер зборнай Харватыі на цяперашнім чэмпіянаце свету па футболе, падарыў яму яшчэ ў 2009 годзе Біблію і ружанец.
Гэтыя святыя рэчы для хрысціяніна трэнер прывёз з Ватыкана, з папскім бласлаўленнем. Пра гэтую падзею ў размове з Radio Mitre in Rosario нагадаў Рубэн Сэкка, дадаўшы, што Біблію і ружанец узяў з сабой дадому як надзвычай каштоўныя сувеніры.
У 2009 годзе аргенцінскі футбаліст гуляў у албанскім клубе «Dinamo Tirana», трэнер якога тады быў членам цяперашняй адборачнай камісіі Харватыі. Менавіта ён прывёз з Ватыкана і падарыў Святое Пісанне і ружанец, які Папа блаславіў. «Я трымаю іх дома, і такім чынам паказваю, што ён мяне вельмі любіў», — кажа Сэкка, якому цяпер 39 гадоў. Як кажа футбаліст, харвацкі трэнер «заўсёды прасіў мяне захоўваць веру ў Бога».
У 2017 годзе Златка Даліч, неўзабаве пасля таго, як стаў трэнерам нацыянальнай каманды сваёй краіны, сказаў у інтэрв’ю: «Усім, чаго я дасягнуў у жыцці і ў сваёй прафесійнай кар’еры, я абавязаны майму любімаму Богу». Ён таксама нагадаў, што ў дзяцінстве быў міністрантам і з задавальненнем служыў падчас Імшы ў францішканскім кляштары побач з домам сваіх бацькоў.
«Я быў шчаслівы, калі мог пайсці на Імшу. Мая маці вучыла мяне і кіравала маёй верай. Я заўсёды быў вернікам і так выхоўваў сваіх дзяцей. Кожную нядзелю стараюся хадзіць на Эўхарыстыю», — сказаў 56-гадовы трэнер. Златка Даліч таксама сказаў, што ён прыхільнік Ружанца і заўсёды мае яго пры сабе. «Калі я адчуваю, што перажываю нейкія цяжкія моманты, я суну руку ў кішэню, дакрануся да яго, і тады ўсё становіцца лягчэй», — прызнаецца харват.
Напярэдадні паўфіналу паміж Харватыяй і Аргенцінай па радыё гучалі ўспаміны Рубэна Сэкка пра падарунак ад былога трэнера. Аргенціна выйграла з лікам 3:0 і першай выйшла ў фінал чэмпіянату свету па футболе ў Катары. Там 18 снежня зборная Аргенціны згуляе з пераможцам матчу Францыя — Марока.
Па матэрыялах CREDO
Пераклад Марыны Сінкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
