Таямніцы вясковай веры: як маленькія парафіі захоўваюць дух супольнасці?

У вялікіх парафіях, што знаходзяцца ў абласных гарадах, віруе жыццё. Хрэсьбіны, шлюбы, пахаванні адбываюцца пастаянна. Акрамя таго, у сезон прыязджаюць турысты, вывучаючы гісторыю і архітэктуру сакральных пабудоў. Касцёл у такіх супольнасцях з’яўляецца цэнтрам прыцягнення і для моладзі, што збіраецца на спатканні, на заняткі катэхезы. Адным словам, вялікія парафіі жывуць дынамічным і насычаным жыццём. У маленькіх парафіях сітуацыя крыху іншая. Лік парафіян значна меншы, моладзі таксама не вельмі шмат. Падаецца, што душпастыры тут жывуць ад нядзелі да нядзелі, а ў буднія дні духоўнае жыццё замірае.

Не баяцца выклікаў

На далёкай Гомельшчыне знаходзіцца невялічкі горад Нароўля. Тут ужо некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічае парафія Узвышэння Святога Крыжа. Душпастырскія абавязкі з 2021 года тут выконвае ксёндз Януш Чарнамораў. Святар адзначае, што на тэрыторыі горада і раёна пражывае каля дзвюх тысяч католікаў. Актыўных парафіян налічваецца каля трыццаці. Акрамя Нараўлянскай парафіі, пад апекай ксяндза Януша знаходзяцца супольнасці ў Грушаўцы, дзе налічваецца 40 католікаў, дзевяць з якіх – актыўныя, і Ельску, дзе пражывае каля 50 католікаў, сямёра з гэтай лічбы стала практыкуюць веру. Па нядзелях і ва ўрачыстасці ў нараўлянскім касцёле збіраецца ад дваццаці да пяцідзесяці чалавек, у Грушаўцы – ад пяці да пятнаццаці, а ў Ельску – ад чатырох да дзесяці. Перад святамі ксёндз Януш, адклаўшы надзённыя абавязкі, накіроўваецца ў вёскі Аляксандраўка, Габрылееўка, Дзямідаў, Свяча. Самым далёкім пунктам у маршрутным лісце святара з’яўляецца вёска Падгалле, якая знаходзіцца на адлегласці васьмідзесяці кіламетраў ад Нароўлі. Жыве ў гэтай мясцовасці толькі адна каталічка паважанага ўзросту. Для яе візіт ксяндза з’яўляецца сапраўдным святам і радасцю.

Падаецца, што, несучы служэнне ў такім “пустынным” месцы, святар павінен знаходзіцца ў духоўным упадку: моладзі амаль няма, многія знаходзяцца на значнай дыстанцыі ад Бога і Касцёла, не спрыяе невялікая колькасць парафіян і фінансаваму ўтрыманню парафіі, рамонтам, якія тэрмінова патрабуюцца. Хтосьці ў такой складанай сітуацыі апусціў бы рукі, а хтосьці ўвогуле шукаў бы сабе іншага месца для служэння з большай колькасцю парафіян. Аднак ксёндз Януш, нягледзячы на ўсе выклікі, лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівым у сваім святарстве. Ён ужо прызвычаіўся да тых “авечак”, ля якіх паставіў яго Езус. Прэзбітар разумее, што патрэбны менавіта тут і цяпер, таму стараецца рабіць усё магчымае, каб як мага больш людзей далучылася да супольнасці. Евангелізуе святар рознымі спосабамі: не толькі з амбоны ў нядзелю і святы, але і штодня. Часам, едучы па справах, ён затрымліваецца, каб падвезці чалавека. У працэсе завязваецца гутарка пра жыццё, пра каштоўнасці і, канешне, пра Бога. Многія дзякуючы такім размовам пашыраюць свае веды пра Нябеснага Айца, адкрываюць Яго для сябе па-іншаму. І гэта ўжо вялікі крок у кірунку духоўнасці. Ксёндз Януш адзначае, што гістарычныя падзеі таксама аказалі значны ўплыў на сітуацыю ў рэгіёне. Зразумела, што моцна паўплывала на жыццё і трагедыя на Чарнобыльскай АЭС. Многія жыхары адразу пасля трагедыі пакінулі  свае наседжаныя гнёзды і выехалі ў іншыя рэгіёны. Грушаўка, напрыклад, знаходзіцца ўсяго толькі за сорак кіламетраў ад месца тэхнагеннай катастрофы.

Да сённяшняга моманту захаваліся і гістарычныя звесткі пра ўтварэнне парафій у Грушаўцы і Нароўлі, якія сведчаць пра глыбокую веру людзей, надзею на ўласны касцёл, якая ў выніку была рэалізаваная. Грушаўку католікі засялілі ў 1800 годзе. А ў 1900-1918 гадах у населеным пункце хацеў пабудаваць свой палац пан Горват. Ён нават хацеў выселіць жыхароў за межы вёскі, бо зямля ў Грушаўцы была вельмі ўраджайнай. Мясцовыя жыхары сталі шукаць дапамогі ў губернатара з Мінска. Той іх абараніў і не дазволіў крыўдзіць. Аднак матэрыял для пабудовы палаца быў ужо прывезены. Тады жонка пана, якая была пабожнай жанчынай, прапанавала яму пабудаваць з гэтага матэрыялу капліцу для католікаў. Рэалізаваць планы перашкодзіла рэвалюцыя, якая пачалася ў 1917 годзе. У той час будаўнічы матэрыял бясследна знік. Вернікі збіраліся разам на могілках або ў дамах на супольную малітву.

У Нароўлі 29 сакавіка 1859 года была асвечаная адмысловая капліца Звеставання Пана, якая належала пану Горвату. Кожную нядзелю прыязджаў сюды ксёндз з Мазыра, каб правесці богаслужэнне. Падчас Другой сусветнай вайны капліцу зруйнавалі. У сямідзясятыя гады вернікі пачалі шукаць спосабы далучыцца да Касцёла. Каб наведаць нядзельнае набажэнства, часам неабходна было некалькі дзён правесці ў дарозе. У той перыяд вернікі наведвалі касцёлы ў Пінску, Кіеве і Жытоміры. Збіраліся мясцовыя жыхары і каля крыжа ў бязлюдных месцах. Там яны разам маліліся і спявалі пабожныя песні. Крыху пазней католікі пачалі пісаць прашэнні аб утварэнні парафіяльнай супольнасці. Нязломная вера тутэйшых католікаў зрабіла сапраўдны цуд. І 25 снежня 1989 года парафія ў Грушаўцы была зарэгістраваная. У будынку былога медыцынскага пункта арганізавалі капліцу, куды прыязджалі святары з суседняй Украіны. 12 верасня 1991 года паўстала парафія ў Нароўлі. А ў 1994 годзе тут пачалі будаваць касцёл, паралельна будаваўся касцёл і ў Грушаўцы.

Гэтая гісторыя нязломнай веры і надзеі на Бога ў любой сітуацыі па-сапраўднаму натхняе. З’яўляецца яна паказальнай і ўзорнай і для ксяндза Януша. Прыгадваючы тыя падзеі, ён разумее, што калісьці людзі марылі пра ўласны касцёл, пра магчымасць стала прыступаць да сакрамантаў, мець свайго душпастыра. Сёння пробашч стараецца быць святлом для кожнага парафіяніна, несці Добрую Навіну ў кожны дом, знаёміць з ёй кожнае чалавечае сэрца. Людзі, адчуваючы стараннасць святара, таксама імкнуцца да духоўнага росту. Яны прымаюць актыўны ўдзел у суботніках, стараюцца падтрымліваць усе пачынанні свайго пробашча. Ёсць у супольнасці і парафіяльны Instagram Narowla_Catholic. Тут можна пазнаёміцца з навінамі парафіі, раскладам і фотаздымкамі са значных мерапрыемстваў.

На сённяшні дзень ксёндз Януш адчувае, што ён не адзін, бо за яго плычыма парафіяльная супольнасць і, зразумела, сам Бог. Гаворачы пра складанасці ў працы, святар прыгадвае словы са Святога Пісання: “Ідзі, Я выбіраю цябе! Ідзі, Я пасылаю цябе! Ідзі, Я буду з табой”. Гэты выраз стаў святарскім дэвізам ксяндза Януша Чарнаморава. Ён умацоўвае душпастыра ў яго служэнні.

Марта Венславовіч
Фота аўтара і з архіву парафіі

для друку для друку