Паглядзі ў акно: цёплае надвор’е, пяюць птушкі, свеціць сонейка. Гэта лета – час, калі кожны з нас адпачывае і душой, і целам. Моладзь нашай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Верхнядзвінску не стала выключэннем. Ужо трэці год мы адпачывалі ў Браславе і праводзілі свае канікулы разам з Богам. Таксама мы атрымлівалі новыя веды, змагаліся з лянотай, удасканальвалі беларускую мову, адкрывалі цікавосткі беларускай гісторыі.
З радасцю ў Браславе нас прынялі сёстры-эўхарысткі і зрабілі наш адпачынак утульным. Галоўнае правіла, якога ўсе прыслухоўваліся: “Silentium” — цішыня. Здаецца, простае слова, але яго так не хапае ў жыцці кожнага з нас. Мы заўсёды спяшаемся кудысьці, нягледзячы на прыгажосць навокал. Але можна пасля працы і іншых спраў выйсці вечарам на вуліцу, схадзіць у храм і правесці хвілін дзесяць у размове з Богам, а можна схадзіць у тэатр, калі ёсць такая магчымасць, або музей.
Вось і нам пашчасціла наведаць гісторыка-краязнаўчы музей і музей традыцыйнай культуры. Мы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй, але зразумелі, якая прыгожая ды мілагучная наша беларуская мова. Прыемна было бачыць у браслаўскім музеі працы нашай зямлячкі з Бігосава Галіны Тушкінай: яе карціны з бярозавай кары. Нам ёсць кім ганарыцца.
Дзякуючы нашаму ксяндзу Аляксандру, мы даведаліся аб моцы веры ў Бога. Адным з прыкладаў сапраўднага хрысціяніна стаў для нас фільм “Грэйхаунд”, які распавядае пра капітана карабля, які не згубіў веру і чалавечнасць падчас вайны. А каб адчуць і зразумець герояў фільму, мы плавалі на байдарках і гулялі пад моцным ветрам каля возера. Мы стараліся акунуцца ў атмасферу фільма.
Спадзяюся, у наступным годзе нам пашчасціць падзяліцца ведамі з нашай малодшай групай, якую плануем узяць з сабой на адпачынак у Браслаў. А зараз мы, як капітаны, вядзем свой карабель з моцнай верай у Бога, якая падтрымлівае нас у шторм і зацішша, праз вялікае мора “Жыццё”.
Лера Мялешка, тэкст
кс. Аляксандр Грыцкевіч, фота
