Рым: лідары трох рэлігій падпісалі заклік да міру ў Святой Зямлі

“Бяспека ніколі не будзе пабудавана на нянавісці”, — гаворыцца ў міжрэлігійным звароце, які 29 жніўня 2025 года падпісалі ў Рыме лідары яўрэйскіх, мусульманскіх і хрысціянскіх супольнасцей у Італіі.

“Гэты заклік прадыктаваны ўпэўненасцю ў тэрміновай неабходнасці падтрымліваць усе ініцыятывы, накіраваныя на спыненне нянавісці, абарону мірнага суіснавання, ачышчэння мовы і ўстанаўленне міру”, — гаворыцца ў звароце.

Заклік падпісалі: Наэмі Дзі Сэньі, старшыня Саюза яўрэйскіх супольнасцей Італіі, Ясім Лафрам, старшыня Саюза мусульманскіх супольнасцей Італіі, Абу Бакр Марэта і Ях’я Палавічыні з Італьянскай мусульманскай рэлігійнай супольнасці, Наім Насрала, імам рымскай мячэці, і кардынал Матэа Дзупі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

“Асэнсаванне цёмных часоў, якія мы перажываем, і сілы ілюзіі, якая таксама ўплывае на трагедыю, што працягваецца на Блізкім Усходзе, заклікае нас, як лідараў рэлігійных супольнасцей, як вернікаў і грамадзян, асудзіць небяспечныя абагульненні і шкодную блытаніну паміж палітычнай, нацыянальнай і рэлігійнай тоеснасцю”, — гаворыцца ў тэксце.

Падпісанты асудзілі таксама “мярзоту прапаганды, якая, спекулюючы наіўнасцю і эмацыйнасцю, засланяе здаровы розум і прыніжае глыбінны сэнс нашай чалавечнасці”, распальваючы антысемітызм, ісламафобію, варожасць да каталіцкага хрысціянства і рэлігіі ўвогуле.

“Бяспека ніколі не будзе пабудавана на нянавісці. Справядлівасць для палестынскага народа, як і бяспека для ізраільскага народа, можа быць дасягнута толькі праз узаемнае прызнанне, павагу асноўных правоў і гатоўнасць да дыялогу”, — напісалі лідары супольнасцей, завяршаючы свой зварот канкрэтнай прапановай: правесці сустрэчу біскупаў, рабінаў і імамаў Італіі для сумеснага сведчання аб адказнасці перад абліччам канфліктаў.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку