У той час:
Апосталы сказалі Пану: Дадай нам веры. Пан сказаў: Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас.
Хто з вас, маючы слугу, які арэ або пасвіць, скажа яму, калі ён вернецца з поля: «як прыйдзеш, адразу сядай за стол»? Наадварот, ці не скажа яму: «прыгатуй мне павячэраць і, падперазаўшыся, прыслужвай мне, пакуль буду есці і піць, а пасля будзеш есці і піць ты»? Ці будзе ён дзякаваць слузе гэтаму за тое, што ён выканаў загаданае?
І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: «мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць».
Апосталы сказалі Пану: Дадай нам веры. Відавочна, што многае, што казаў ім Езус, давалася ім цяжка. Яны не заўсёды і не адразу ўсё разумелі. Таму і прасілі Езуса, каб узмацніў іх веру. Пасля першароднага грэхападзення людзі вельмі аслабленыя ў духоўным сэнсе. І такая просьба, таксама можа гучаць і з нашых вуснаў: Пане, узмацні маю веру, дай сілы вытрываць выпрабаванне, дай розум і натхненне, каб я мог прыняць Тваю волю.
Каб быць вучнем Пана, акрамя веры яшчэ неабходная пакора. Злы дух заўсёды шукае моманту, каб падвесці чалавека да граху гардыні. Пакора – гэта праўда пра самога сябе, якая б яна ні была. Мы сапраўды з’яўляемся ўсяго толькі нікчэмнымі слугамі. А ўся нашая веліч – гэта выключная заслуга вялікага Бога. Чым больш мы прымаем Яго і выконваем Яго волю, тым больш у нас праяўляецца Яго Боская веліч. Гэта самы просты рэцэпт духоўнага росту: дазволіць Пану дзейнічаць ува мне. А калі дзейнічае Пан, гэта заўсёды прыводзіць да неверагодных цудаў.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
