Езус сышоў з Дванаццаццю ўніз і стаў на раўніне. І быў там вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжных ваколіц Тыра і Сідона.
А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:
Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!
Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Ад евангеліста Лукі чуем сёння «запаведзі шчасця», якія Езус прамаўляе на раўніне, у адрозненне ад казання на гары ў Евангеллі паводле Мацвея. (Канечне, няма неабходнасці вышукваць супярэчнасці ў гэтых дзвюх версіях галоўнай бадай што гаміліі Езуса, бо Ён напэўна не раз прамаўляў з падобным зместам, у залежнасці ад абставінаў.)
Немагчыма не заўважыць парадаксальнасць гэтых сцвярджэнняў: у іх заключана логіка, якая не адпавядае звычайнаму спосабу мыслення паводле катэгорый гэтага свету. Хіба матэрыяльныя даброты — гэта нешта дрэннае? Хіба прыгажосць створанага Богам сусвету — гэта ілюзія і спакуса?
Каб добра зразумець вучэнне Нябеснага Настаўніка, нам не трэба забывацца, што мы жывем у свеце, глыбока параненым грахом. Грэх перакручвае і змяняе самыя асноўныя і важныя паняцці ў нашым жыцці. Так, як хвароба ўплывае на наш фізічны стан і робіць цяжкім тое, што для здаровага чалавека з’яўляецца нормай, падобным чынам грэх калечыць духоўнае вымярэнне асобнага чалавека і людской супольнасці.
Божы Сын-Месія прыходзіць у гэты свет, каб вылечыць раны, нанесеныя чалавецтву грахом, і ў першую чаргу Ён клапоціцца пра тых, хто стаў ахвярай зла і несправядлівасці.
Наступствы зла — чалавечага эгаізму — маюць канкрэтныя праявы ў форме беднасці, голаду, слёз адных у той час, як іншыя маюць у сотні і тысячы разоў больш, чым ім трэба, і марнуюць даброты, прызначаныя для таго, каб імі дзяліцца.
Езус абвяшчае, што справядлівы Бог уступіцца за сваіх убогіх, што іх узнагарода будзе вялікая ў перспектыве, не абмежаванай гэтым зямным жыццём, якое можа абарвацца ў любы момант. Аднак, хіба, больш значным з’яўляецца абвяшчэнне шчасця тых, хто ў сваёй беднасці адкрываецца на дар Божага Валадарства — ужо ў гэтым жыцці, нават сярод супраціву і пераследу.
Гаворка не пра нейкі абстрактны прынцып, а пра тое, каб перажываць усе выклікі нашага зямнога існавання разам з Езусам. Ён выбраў шлях салідарнасці з найбольш патрабуючымі, калі дзеля ўцелаўлення Божага плану збаўлення жыў, не маючы «дзе схіліць галаву» (Лк 9, 58), дазволіўшы, каб у Яго адабралі ўсё, што меў, і само жыццё. Езус сваім свабодным выбарам паказвае, што чалавечая беднасць — у самых розных вымярэннях — становіцца прасторай, якую можа запоўніць Бог сваім благаслаўленнем.
У святле гэтай праўды чатыры заклікі, якія распачынаюцца прароцкім выразам «гора вам…», гучаць не як праклён, а як строгае папярэджанне і перасцярога тым, хто ў гэтым зямным жыцці бачыць паўнату свайго шчасця і ў сваёй самадастатковасці не пакідае месца для Бога.
Даброты, задавальненне і весялосць такіх людзей ператвараюцца ў ідалаў, калі не служаць таму, дзеля чаго прызначаныя: гэта значыць, каб быць сродкам камуніі і салідарнасці з іншымі, у першую чаргу з тымі, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе.
Нават калі мы не валодаем надзвычайным багаццем, нам варта рабіць рахунак сумлення наконт таго, ці мы не стварылі сабе ідалаў з рэчаў і звычак, ад якіх нам цяжка адмовіцца, хоць яны відавочна не дапамагаюць будаваць Валадарства Божае вакол нас, не служаць нашай камуніі з Богам і Яго дзецьмі, нашымі бліжнімі.
Просім аб святле Духа Святога для нашага розуму і нашых сэрцаў, каб зразумець і прыняць пасланне Езуса — Добрую Вестку, праз якую Ён няспынна кліча нас ісці за Ім, станавіцца ўсё больш падобнымі да Яго, супрацоўнічаць з Ім у справе будавання Божага Валадарства, каб раздзяліць з Ім славу Ягонага Валадарства. Амэн.
Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
