Разважанне на ІІ Нядзелю пасля Нараджэння Пана. Год С

Евангелле Ян 1, 1–18

На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадвеку.
Усё праз Яго сталася,
і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыццё, 
і жыццё было святлом людзей.
А святло свеціць у цемры,
і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; 
імя ягонае было Ян. 
Ён прыйшоў дзеля сведчання, 
каб засведчыць пра Святло, 
каб усе паверылі праз яго. 
Не быў ён святлом, але быў пасланы, 
каб сведчыць пра Святло.
Было Святло праўдзівае,
якое асвятляе кожнага чалавека,
які прыходзіць на свет.
У свеце было,
і свет праз Яго стаўся,
і свет не пазнаў Яго.
Прыйшло да свайго,
і свае Яго не прынялі.
А тым, хто прыняў Яго,
дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,
тым, хто верыць у імя Ягонае,
хто ні ад крыві, 
ні ад жадання цела,
ні ад жадання мужа,
але ад Бога нарадзіўся.
Слова сталася целам
і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную,
славу, якую мае ад Айца Адзінародны,
поўны ласкі і праўды.

Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: Гэта быў той, пра якога я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне. І з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён аб’вясціў.

Ужо мінула актава Божага Нараджэння, але ў сённяшняй літургіі далей гучыць абвяшчэнне Уцелаўлення Божага Сына. Урачысты стыль евангеліста Яна вельмі адрозніваецца ад аповедаў, якія мы чытаем у Мацвея і Лукі. Сінаптычныя Евангеллі ўказваюць на сціпласць (хоць адначасова і незвычайнасць) прыйсця Езуса ў гэты свет, а Ян заклікае нас “нырнуць” і пагрузіцца ў самую глыбіню таямніцы Слова, якое існуе ў вечнасці і становіцца целам, пачынаючы існаваць у часе.

Адкрываючы сваё Евангелле словамі “на пачатку”, Ян адсылае нас да першых словаў Старога Запавету: “На пачатку стварыў Бог…” Бог стварае ўсё існуючае словам Сваіх вуснаў: “І сказаў Бог … І сталася.” Але цяпер мы ведаем, што Слова, праз Якое ўсё сталася – не проста вібрацыя Божага голаса, а Божая Асоба – Адзінародны Сын, роўны Айцу ў хвале. Ён, сапраўдны Бог, стаіць на пачатку ўсяго не толькі ў храналагічным сэнсе. “Пачатак” азначае таксама “крыніца, аснова, прыярытэт”. Першыя радкі Евангелля паводле Яна – запрашэнне для нас убачыць нанова, што з’яўляецца сапраўдным пачаткам – асновай, сутнасцю і прыярытэтам нашага жыцця ў святле той навіны, якую адкрывае спрадвечнае Слова, прымаючы чалавечае цела і душу.

“А тым, хто прыняў Яго,

дало ўладу стаць Божымі дзецьмі,

тым, хто верыць у імя Ягонае,

хто ні ад крыві,

ні ад жадання цела,

ні ад жадання мужа,

але ад Бога нарадзіўся.”

Прыняць Святло ў сваё жыццё – значыць жыць не толькі ў зямным, матэрыяльным вымярэнні, а адкрыць усю глыбіню нашай тоеснасці і Божага абяцання. З аднаго боку, мы носім у сабе генатып нашых бацькоў і, хоць становімся дарослымі, ніколі не перастаем быць іх дзецьмі; можна сказаць, што “сіла” іх бацькоўства дзейнічае ў нас праз усё жыццё. Евангеліст Ян кажа нам пра іншую праўду: мы нараджаемся не толькі ў фізічным сэнсе, як дзеці нашых бацькоў, але таксама як дзеці самога Бога, і то не ў нейкім пераносным, метафарычным значэнні: гэта праўда акрэслівае нас у самай глыбіні нашай істоты. Як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, “таямніца чалавека па-сапраўднаму высвятляецца толькі ў таямніцы ўцелаўлёнага Слова…

Бо Ён, Сын Божы, праз сваё ўцелаўленне пэўным чынам аб’яднаўся з кожным чалавекам” (Gaudium et Spes, 22). Езус, становячыся адным з нас, адкрывае, што быць чалавекам – насамрэч быць больш, чым “проста” чалавекам. Гэта значыць бачыць, “сузіраць” у сабе – і ў бліжнім – Божае аблічча. Нашым “духоўным генатыпам” ёсць  Езус, умілаваны Сын Айца, які жыве вечна, які аддае ўсяго сябе ў паслухмянасці і любові Айцу і нам, бо такім чынам адказвае на любоў Айца і знаходзіць сябе. Няхай у гэты літургічны перыяд Божага Нараджэння мы са здзіўленнем і захапленнем будзем сузіраць гэтую праўду і жыць паводле яе як умілаваныя Божыя дзеці.

Разважанне падрыхтаваў а. Віктар Жук SJ

для друку для друку