У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.
Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.
Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.
Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Езус заклікае нас заставацца ў Яго любові. І гэты наказ мае прыктычнае тлумачэнне. Каб заставацца ў любові Хрыста, неабходна выконваць Яго запаведзі. Любоў – гэта калі мы з павагай ставімся да словаў чалавека, якога любім. Калі яго меркаванні і ідэі важныя для нас. Тое самае і з нашым Збаўцам. Немагчыма казаць пра блізкія адносіны з Хрыстом, калі няма вернасці Яго наказам. Адным жа з галоўных заахвочванняў Езуса ёсць запаведзь любові да іншага чалавека. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Гэтую цытату мы часта разумеем у кантэксце мучаніцкай смерці, калі нехта аддае сваё жыццё за іншага чалавека, каб яго ўратаваць. Аднак, думаю, мы тут таксама можам гаварыць і пра тых, хто ахвяруе свой час, каб даглядаць хворых, састарэлых. Аддаць часцінку свайго жыцця – гэта таксама пабыць са сваімі дзецьмі, пагуляць з імі ці праверыць урокі. Ахвяраваць сваё жыццё – гэта дапамагчы сваёй жонцы на кухні ці дапамагчы ёй прыбраць дом. Любоў складаецца з самых простых нашых учынкаў, калі мы хочам быць для некага, а не для сябе.
Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
