У той час:
Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў. Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго.
Добры пастыр – гэта той, хто сапраўды клапоціцца пра сваіх авечак. Больш за тое, гэта чалавек, каторы гатовы аддаць сваё жыццё за іх. Езус з’яўляецца гэтым Добрым Пастырам, таму што ведае кожнага з нас па імені. Адпаведна мы можам запытаць у сябе, ці ведаем мы голас Хрыста?
Сённяшні свет вельмі крыклівы і спакуслівы. Ці хачу я пачуць Божы голас, які вельмі часта гучыць акурат у малітоўнай цішыні сэрца? Авечцы, якая пазбавілася апекі пастыра, могуць пагражаць розныя небяспекі. Яна можа заблукаць у гушчары, упасці ў расколіну, стаць ахвярай драпежнага звера. У жыцці часам так і бывае. Паддаючыся спакуслівым прапановам, забыўшыся пра голас Пастыра, чалавек трапляе ў бяду. Таму варта таксама сябе спытаць адносна паслухмянасці ў веры.
Езус заснаваў тут на зямлі свой Касцёл і пастырскую ўладу ў ім даверыў духавенству: біскупам, святарам і дыяканам. Нам варта з пашанай ставіцца да навучання Святога Айца, Які кіруе паўсюдным Касцёлам, а таксама да навучання біскупаў, пастырскай апецы каторых давераныя дыяцэзіі. Урывак з сённяшняга Евангелля несумненна адносіцца таксама і да прадстаўнікоў духавенства. Яны павінны пазбыцца любога намёку на найміцтва і выконваць сваё служэнне ў духу ахвярнасці і любові. Пра гэта вельмі часта ўспамінае Папа Францішак у сваіх зваротах да святароў. Аднак жа нам трэба таксама памятаць, што добрыя і святыя пакліканні нараджаюцца і развіваюцца ў добрых і святых сем’ях, у добрых і святых парафіях, у добрых і святых семінарыях.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
