Разважанне на 16 звычайную нядзелю. Год А. 19 ліпеня

Гарчычнае зерне ў параўнанні з запалкай

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 24–43

Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?” А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?” Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».

Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».

Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».

Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім, каб збылося сказанае прарокам: «Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету».

Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. Падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі». Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа; вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы. Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету: пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне, і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Езус у Евангеллі распавядае пра Нябеснае Валадарства. Робіць Ён гэта, выкарыстоўваючы прыпавесці, каб мы маглі разважаць над гэтым і ў параўнаннях з зямной рэчаіснасцю зразумець самую сутнасць. Перш за ўсё Езус нагадвае нам, што Божае Валадарства развіваецца ў няпростых умовах. Існуе вораг – д’ябал, – які хоча дабіцца свайго: знішчыць пшаніцу, пасеяўшы пустазелле. Але Бог не спяшаецца вынішчаць тых, хто з’яўляецца пустазеллем, гэта значыць, грэшнікаў. Чаму? На думку св. Ізідора, менавіта такая стратэгія ў Бога, бо Ён жадае кожнаму даць шанец на пакаянне. Прыпавесць, над якой мы разважаем, запісана ў Евангеллі паводле св. Мацвея. А хто такі евангеліст Мацвей? У мінулым ён быў мытнікам і рабіў шмат дрэнных учынкаў. Калі б Божы суд наступіў імгненна, мы б сёння не чыталі Евангелле паводле св. Мацвея.

У прыпавесці пра гарчычнае зерне Езус заклікае нас да цярплівасці. Так, Божае Валадарства падобнае да вялікага дрэва, у якім знаходзяць жытло нябесныя птушкі. Але ад самога пачатку яно вельмі маленькае. Папа Бэнэдыкт XVI заклікае нас асцерагацца спакусы нецярплівасці і жадання атрымаць імгненны поспех у евангелізацыі. Тут гаворка ідзе таксама і пра пакору, калі мы Пану Богу пакідаем рашэнне, дзе і калі дазволіць Ягонаму Валадарству разрастацца. Нам жа трэба стаць Божай закваскай у сучасным свеце. Перамяняць свет сваёй святасцю, дабрынёй і любоўю.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку