Разважанне на 15 звычайную нядзелю. Год А. 12 ліпеня

Горад Кафарнаум

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 1–23

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. Каля сабралася Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».

І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:

“Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.

Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі! Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў трыццаць».

Адна траціна навучання Езуса змяшчаецца ў прыпавесцях. Выбіраючы такую форму прамовы, Езус хоча справакаваць нас да роздуму. Бо не дастаткова пачуць Божае слова вушамі. І не дастаткова пабачыць сваімі вачамі абраз ці рэлігійны абрад. Каб Божае слова дало плён, яго трэба пачуць сэрцам, гэта значыць, мець у сабе жаданне і гатоўнасць выканаць Божую волю. Мы чуем, як Збаўца выходзіць з дому, дзе прабываў (праўдападобна, гэта быў дом апостала Пятра ў Кафарнауме), і пачынае навучаць, седзячы на беразе мора. Калі натоўп павялічыўся, Ён пераходзіць у човен. Відавочна, што Езус хоча агарнуць сваім словам як мага больш слухачоў. Ён прагне, каб Ягонае навучанне дайшло да кожнага. Аднак мы дакладна ведаем, што не ўсе былі гатовыя прыняць Божае пасланне. Фарысеі чулі навуку Хрыста, аднак адмовіліся прыняць яго сэрцам. Яны не пакаяліся і, наадварот, пачалі складаць планы, як забіць Месію.

Горад Кафарнаум, дзе навучаў Хрыстус, да сённяшняга дня ляжыць у руінах і з’яўляецца толькі аб’ектам экскурсій для турыстаў. Людзі там не жывуць. Чаму так сталася? Успомнім словы Хрыста “І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш” (Лк 10,16). Езус шмат навучаў у гэтым горадзе, але людзі, захопленыя справамі дабрабыту, гандлю і росквіту, не захацелі звярнуць увагу на пасланне Божага Сына. І ў наш час існуе небяспека таго, што нешта іншае стане больш важным у жыцці і зойме месца Настаўніка. Спытаю ў сябе: “Як я стаўлюся да Божага слова? Ці перамяняе яно маё жыццё і ці мае хоць нейкую вагу, калі я прымаю важныя рашэнні, раблю планы і думаю пра будучыню? Птушкі, сонца і церні з сённяшняй прыпавесці ў Евангеллі могуць стаць небяспекай і для майго сэрца. Бог чакае ад мяне багатага ўраджаю, Ён хоча пабачыць плён Свайго слова. Ці з’яўляецца маё сэрца той ўрадлівай глебай, якая прыносіць плён?

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку