З самых розных прычынаў цягам ХХ стагоддзя многа беларусаў выязджала з Радзімы на Захад. І шмат хто з іх нават на чужыне не забываўся на беларускую справу, развіваючы яе за мяжой. Іх дасягненнямі Касцёл у Беларусі карыстаецца і сёння.
Вельмі доўгі час эмігранты з Беларусі, пераязджаючы за мяжу, раствараліся сярод мясцовага насельніцтва ды эмігрантаў з іншых суседніх краін, найперш сярод палякаў і рускіх. Але нацыянальны ўздым першай паловы ХХ стагоддзя змяніў гэтую тэндэнцыю, калі нават за мяжой, сярод іншых народаў і культур, беларусы не толькі працягвалі заставацца беларусамі, але і рабілі плённы ўнёсак у далейшае развіццё беларускай культуры. Важны ўклад зрабілі і каталіцкія эмігранты – святары і вернікі з Беларусі.
Напрыклад, ля вытокаў беларускай дыяспары ў ЗША стаяў святар Янка Тарасевіч, які пераехаў у Злучаныя Штаты яшчэ ў 1911 годзе 19-гадовым юнаком. Разам з беларускімі дыпламатамі Язэпам Варонкам і Янкам Чарапуком (апошні, дарэчы, стаў ці не першым беларусам у шэрагах заснаванай у ЗША каталіцкай мужчынскай арганізацыі «Рыцары Калумба») ён выступаў з лекцыямі ў школах Чыкага, дапамагаў ствараць беларускія культурна-грамадскія арганізацыі ў Вісконсіне, Індыяне і Мічыгане. У 1938 годзе ў ЗША пераехаў яшчэ адзін святар-беларус Язэп Рэшаць. У 1941 годзе ўсе яны заснавалі Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны, які неўзабаве быў ператвораны ў Беларуска-амерыканскую нацыянальную раду. Пазней Тарасевіч стаў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў беларускай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага.
А ксёндз Францішак Чарняўскі, які з 1929 года быў на місіі ў Францыі і Бельгіі, а пасля пераехаў у ЗША, стаў адным з першых беларусаў, хто выступаў з малітвамі ў амерыканскім Кангрэсе, пашыраючы такім чынам вядомасць пра Беларусь сярод заходніх палітыкаў.
Уласныя біскупы
Пасля вайны шмат беларускіх каталіцкіх асяродкаў узнікла і ў Еўропе: у Лондане, Парыжы, Рыме, Лювэне і іншых гарадах. У 1946 годзе грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка пераканаў Кангрэгацыю ўсходніх цэркваў выдаць па-беларуску энцыкліку Папы Пія ХІІ «Orientalis omnes» з нагоды 350-х угодкаў Берасцейскай уніі. Пры гэтым лацінскае слова «Rutheni» ў ёй было перакладзенае як «беларусы і ўкраінцы». Гэта стала важным момантам для таго, каб Ватыкан пачаў успрымаць беларусаў як асобную нацыю.
Неўзабаве беларускія эмігранты-католікі пачалі арганізоўвацца ў паўнавартасныя супольнасці. Гэтак у 1946 годзе айцец Гарошка ўзначаліў Беларускую каталіцкую місію ў Парыжы, у 1947-м Часлаў Сіповіч – у Лондане. У Нямеччыне генеральным пастырам для беларусаў-католікаў абодвух абрадаў у 1955 годзе стаў ксёндз Уладзіслаў Уладзімір Салавей. Вядомы ксёндз Пётр Татарыновіч, які з 1961 года ўваходзіў у Папскую раду па справах эміграцыі, неўзабаве стаў дырэктарам місіянераў для эмігрантаў-беларусаў лацінскага абраду. Праводзіліся за мяжой і з’езды беларускіх каталіцкіх святароў.
Важным крокам насустрач беларусам з боку Апостальскай Сталіцы сталася высвячэнне асобных біскупаў для беларускай дыяспары.
Гэта было значнай падзеяй яшчэ і таму, што ў Савецкай Беларусі каталіцкага біскупа не было з 1930 года. У 1952 годзе апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Заходняй Еўропе быў прызначаны тытулярны арцыбіскуп Магілёўскі Баляслаў Слосканс, этнічны латыш.
А ў 1960 годзе для беларусаў высвяцілі і ўласнага біскупа. Ім стаў рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі Часлаў Сіповіч. Ён браў актыўны ўдзел у міжнародным каталіцкім жыцці: удзельнічаў у Другім Ватыканскім саборы, узначальваў ордэн марыянаў.
Пасля смерці Часлава Сіповіча ў 1981 годзе апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў на Захадзе стаў айцец Уладзімір Тарасевіч, пляменнік згаданага вышэй Янкі Тарасевіча. У 1983 годзе ён таксама быў высвечаны на біскупа.
У 1986 годзе пасля смерці Уладзіміра Тарасевіча апекавацца беларускай дыяспарай прызначылі айца Аляксандра Надсана – дырэктара Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. На пасадзе апостальскага візітатара для беларусаў-католікоў замежжа ён заставаўся да сваёй смерці ў 2015 годзе. Аднак біскупам ён ужо не быў. Тым не менш, у 1989 годзе свой біскуп з’явіўся ўжо і ў БССР. Ім стаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Лондан – цэнтр Беларусі
Выбітным цэнтрам беларускага каталіцкага жыцця за мяжой з 1960-х гадоў стаў Лондан. Там з ініцыятывы айца Сіповіча ўзніклі Беларускі дом айцоў-марыянаў, затым – Беларуская школа святога Кірылы Тураўскага і інтэрнат пры Лонданскім доме марыянаў. У 1971 годзе ў Лондане беларускімі каталіцкімі святарамі была ўрачыста адкрытая Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны і музей пры ёй. Яны займаюць восем пакояў, у якіх захоўваецца каля 40 тыс. тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы айцоў Сіповіча і Гарошкі. У бібліятэцы захоўваюцца старадрукі часоў Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку аўтарства Скарыны і Статут 1588 года), творы беларускіх літаратараў і даследчыкаў ХІХ і ХХ стагоддзяў, узоры беларускага народнага ткацтва і вышыўкі, два слуцкія паясы і сшыты з паясоў арнат, сельскагаспадарчыя і хатнія прылады, калекцыя манет ВКЛ, шматлікія творы мастацтва.
Выданні і пераклады
Важнай часткай дзейнасці беларускай дыяспары стала медыйная праца, якая з аднаго боку падтрымлівала стасункі паміж рознымі суполкамі беларусаў за мяжой, а з іншага – развівала беларускае багаслоўе. Гэтак ксёндз Янка Тарасевіч выдаваў у ЗША руска-англійскі часопіс «Церковный голос» і «Лісток к беларусам». З 1957 года ў Нью-Ёрку ксёндз Францішак Чарняўскі выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit». У Рыме з 1950 да 1975 года ксёндз Татарыновіч друкаваў беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс «Źnič».
Найбольш уплывовым сярод беларускіх выданняў за мяжой стаў часопіс «Божым шляхам», які выходзіў з перапынкамі ў 1947–1980 гадах у Парыжы і Лондане. Заснаваў яго грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка. Акрамя публікавання выключна каталіцкіх тэмаў, часопіс быў пляцоўкай для дыялогу з беларускімі праваслаўнымі і пратэстантамі, публікаваў мастацкія творы і асвятляў антырэлігійную дзейнасць у СССР. Між іншага часопіс падрабязна асвятляў падзеі Другога Ватыканскага сабору ды запачаткаваў новую галіну ведаў – гісторыю беларускай царкоўнай музыкі. Сярод яго аўтараў былі святары Часлаў Сіповіч, Аляксандр Надсан, Язэп Германовіч, Тамаш Падзява, Янка Тарасевіч ды іншыя.
Апроч перыядычных выданняў беларускі каталіцкі друк за мяжой спрычыніўся да выдання шэрагу біблійных перакладаў, малітоўнікаў, якія пазней неаднаразова перавыдаваліся і сталі асновай для перакладаў рэлігійных твораў на беларускую мову ўжо ў незалежнай Беларусі. Сярод іх – біблійныя пераклады ксяндза Пятра Татарыновіча (Евангелле, Апостальскія дзеі і лісты) ды Язэпа Германовіча («Прыповесьці паводле Эвангелля Мацея – Марка – Лукі – Яна»). Выдаваліся і беларускія малітоўнікі. У 1946 годзе ў Рыме айцом Гарошкам быў выдадзены малітоўнік «Божым шляхам. Малітоўнік для беларусаў», а ў 1949-м тамсама пабачыла свет другое выданне «Hołas dušy. Padručnik zyccia – praktyki relihijnaj dla bielarusaū-katalikoū». У аўстраліўскім Мельбурне ў 1960 годзе быў перавыдадзены «Каціхізіс або навука веры» Адама Станкевіча.
Ксёндз Татарыновіч таксама зрабіў важны ўнёсак у пераклад на беларускую мову літургіі Святой Імшы, патрэба ў якой узнікла пасля Другога Ватыканскага сабору. У сваю чаргу айцец Надсан пераклаў на беларускую мову літургічныя тэксты для беларускіх грэка-католікоў, што былі афіцыйна зацверджаныя Апостальскім пасадам у 1994 годзе. Ён жа выдаў у 1988 годзе «Кароткі катэхізіс хрысціянскай навукі. Для беларусаў-католікаў».
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
Да дасягненняў беларускай дыяспары, што працягвае дзейнічаць і сёння, належыць і стварэнне Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
24 снежня 1949 года на хвалях папскай радыёстанцыі прагучала пасланне Пія ХІІ на беларускай мове з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку Юбілейнага года хрысціянства.
А ўжо 6 студзеня 1950 года пачалося і рэгулярнае вяшчанне Ватыканскага радыё па-беларуску. Першым кіраўніком і на працягу доўгага перыяду адзіным супрацоўнікам Беларускай рэдакцыі быў ксёндз Татарыновіч. У 1970 годзе яго змяніў айцец Гарошка, а з 1977 года беларускай рэдакцыяй кіраваў айцец Роберт Тамушанскі – унук беларускіх эмігрантаў з ЗША. У перадачах беларускай рэдакцыі паведамляліся навіны з Ватыкана, з жыцця Касцёла і беларускай эміграцыі ў свеце, у эфіры чыталіся катэхетычныя і апалагетычныя разважанні, асвятляліся пытанні беларускай літаратуры, гісторыі хрысціянства ў Беларусі.
Чарговая хваля аднаўлення беларускага каталіцкага жыцця адбываецца і цяпер. У 2000-х беларускія парафіі ўзніклі ў Антвэрпэне (Бельгія), Вільні (Літва), праводзяцца службы па-беларуску ў Празе (Чэхія). У 2016 годзе ў Лондане была асвечаная драўляная беларуская грэка-каталіцкая Царква святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа. Ці не найбольш актыўна развіваецца беларускае каталіцкае жыццё ў Польшчы, дзе беларускія асяродкі ўзніклі ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску, Любліне, Кракаве, Лодзі, Беластоку, Познані.
Магчыма, у будучыні асобнай тэмай змогуць стаць і дасягненні гэтых супольнасцяў.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
