Прарыў у страхаванні касцельнай маёмасці ў Італіі

Падчас падпісання пагаднення

Італьянскі епіскапат і “Generali Italia” стварылі перадавую сістэму страхавання ад стыхійных бедстваў для 25 тысяч парафій. У час кліматычных змен гэты досвед можа быць карысным для Касцёла ва ўсім свеце.

Інавацыйнасць праграмы заключаецца ў параметрычным падыходзе: страхавыя выплаты актывуюцца аўтаматычна пры наступленні пэўных умоў (землятрус, паводка) без неабходнасці праводзіць экспертызу пашкоджанняў. Гэта дазваляе парафіям атрымліваць дапамогу неадкладна, без звычайных бюракратычных працэдур, што асабліва важна ў кантэксце павелічэння колькасці экстрэмальных кліматычных з’яў.

«Захаванне нашай спадчыны мае вялікае значэнне, бо яна належыць усім і ўвасабляе нашы карані, — падкрэсліў кардынал Матэа Дзупі, старшыня біскупскай канферэнцыі. — Будынкі – гэта не проста структуры, а частка нашай гісторыі і будучыні. Дамова з “Generali” — важны ўклад у агульнае дабро.»

Значнасць гэтай мадэлі выходзіць за межы Італіі. Ва ўмовах кліматычных змен усё больш краін сутыкаюцца з праблемай абароны гістарычнай і рэлігійнай спадчыны. Італьянскі досвед можа стаць прыкладам для біскупскіх канферэнцый іншых краін, якія таксама клапоцяцца пра захаванне каштоўных культавых будынкаў і парафіяльнай маёмасці.

Праграма ахоплівае ўсе 226 італьянскіх дыяцэзій і дэманструе, як супрацоўніцтва паміж касцельнымі структурамі і прыватным бізнесам можа вырашаць грамадскія задачы, спалучаючы захаванне культурнай спадчыны з сучаснымі тэхналагічнымі рашэннямі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку