Перуанскі спявак Доні Яйпен Кескен аддаў музычную даніну павагі Папе Льву XIV і адразу ж дасягнуў поспеху. Яго запальная песня «La Cumbia del Papa», якая з’явілася на YouTube 17 мая 2025 года, хутка набыла папулярнасць.
«Гэтая песня — падзяка чалавеку, які пакінуў свой след», — сказаў спявак з Чыклаё мясцовым СМІ. Гэта таксама выраз гонару нацыі за першага Папу Рымскага з перуанскіх грамадзянствам. «Радасць прыйшла ў Чыклаё, і Перу благаслаўлёнае», — так пачынаецца песня.
Музычны кліп да яе здымалі часткова перад кафедральным саборам Чыклаё, які шмат гадоў быў біскупскай рэзідэнцыяй цяперашняга Папы.
Нягледзячы на тое, што Папа Леў XIV нарадзіўся ў Чыкага, ён правёў лепшыя гады свайго жыцця ў Перу, «дапамагаючы ўсім сэрцам» у дыяцэзіі Чыклаё, і ён «перуанец да глыбіні душы», сцвярджае іспанскі тэкст песні. Нават танцавальныя рухі інтэрпрэтуюцца як падзяка Богу: «Падніміце рукі і падзякуйце Богу, бо наш Папа — перуанец, ён з Чыклаё, ён — Папа Леў».
Папа Леў XIV, які нарадзіўся ў ЗША як Роберт Фрэнсіс Прэвост, служыў у Перу з 1985 года. Ён стаў грамадзянінам гэтай краіны ў 2015 годзе. У відэа таксама згадваецца, што ў сваёй першай прамове пасля абрання ён адкрыта прывітаў сваю «любімую дыяцэзію Чыклаё», дзе ён атрымаў шырокае прызнанне падчас пандэміі каранавіруса за сваю душпастырскую апеку і сацыяльныя праграмы.
Кумбія — гэта від сальсы, калумбійскі музычны стыль. Гэта народная музыка, якой не выкладаюць у школах, яе часта называюць «вулічнай музыкай». Доні Яйпен — аўтар песень і спявак у стылі кумбія.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!