Пасля завяршэння набажэнства на ўспамін мучанікаў і сведак веры XXI стагоддзя ў Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі Папа прыняў віншаванні з 70-годдзем ад прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій.
Як паведаміла Зала Друку, Святы Айцец пасля набажэнства запрасіў ва ўнутраны двор Базілікі прадстаўнікоў іншых Цэркваў і хрысціянскіх канфесій, каб разам з імі адсвяткаваць свой Дзень нараджэння.
Там дэкан Калегіі кардыналаў, кардынал Джавані Батыста Рэ, прамовіў віншавальнае слова. Папа шчыра падзякаваў, адзначыўшы супадзенне даты свайго юбілею з урачыстасцю Узвышэння Святога Крыжа: «Ад пачатку майго паклікання я заўсёды адказваў: ‘не мая воля, а Твая, Пане'».
Святы Айцец адзначыў экуменічны характар урачыстасці. Выказваючы надзею, што энтузіязм вернікаў у гэтым Юбілейным годзе прынясе плёны для місіі абвяшчэння Евангелля, «Я радуюся, што магу святкаваць гэты асаблівы дзень разам з братамі і сёстрамі розных хрысціянскіх традыцый», — прызнаўся ён.
Пасля кароткага тоста, традыцыйнага разразання святочнага торта і спеваў з пажаданнямі доўгіх гадоў, Леў XIV выйшаў з Базілікі, каб прывітаць вернікаў, якія чакалі звонку, а затым вярнуўся ў Ватыкан.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
