Падчас кароткага палёту з Ажаксьё ў Рым 15 снежня 2024 года Папа Францішак падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту на Корсіку, адзначыўшы вялікую колькасць дзяцей на востраве як прыкмету жыццяздольнасці народа.
Нягледзячы на тое, што палёт доўжыўся менш за 40 хвілін, Папа знайшоў час, каб падзяліцца сваімі думкамі з 67 журналістамі, якія суправаджалі яго падчас дзесяцігадзіннага візіту на міжземнаморскі востраў.
«Вы бачылі, колькі тут дзяцей? Гэта зямля, якая нараджае дзяцей. Падумайце пра іншыя падарожжы, дзе такога не было відаць», — падкрэсліў Пантыфік, дзелячыся сваімі назіраннямі.
Святы Айцец быў асабліва ўражаны колькасцю дзяцей, якіх ён убачыў падчас розных сустрэч, асабліва падчас Імшы на Плошчы Аўстэрліц, а таксама на вуліцах горада на руках ці побач з бацькамі.
«І ва Усходнім Тыморы, і тут я быў шчаслівы бачыць народ, які нараджае дзяцей. Гэта будучыня», — дадаў Папа Францішак, успамінаючы сваё вераснёвае падарожжа ў Паўднёва-Усходнюю Азію і Акіянію.
Калі журналісты спыталі, куды будзе наступнае падарожжа, Папа з усмешкай адказаў: «Не ведаю!»
Нягледзячы на кароткі час палёту, журналісты падрыхтавалі Папе сюрпрыз – святочны торт з нагоды яго 88-га дня нараджэння, які ён адзначыць 17 снежня 2024 года. Торт быў упрыгожаны ў колеры ватыканскага сцяга – белы і жоўты, з надпісам «Віншуем, Папа Францішак» і фігуркай Пантыфіка, які сядзіць з паднятым уверх вялікім пальцам.
Падарунак уручыла мексіканская журналістка Валянціна Алазракі, старэйшына ватыканскіх журналістаў, якая здзейсніла 161 падарожжа разам з Пантыфікамі.
Святы Айцец шчыра падзякаваў за віншаванні і благаславіў прысутных, якіх ён заўсёды называе сваімі «спадарожнікамі». Гэты момант стаў кранальным завяршэннем кароткага, але насычанага візіту Папы Францішка на Корсіку.
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!