Папа Францішак выступіў у абарону Яна Паўла II

“Абразлівымі і неабгрунтаванымі высновамі” назваў Святы Айцец абвінавачванні супраць свайго папярэдніка Яна Паўла II.

Пасля малітвы Regina Caeli, якая прайшла 16 красавіка 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак заявіў: «Упэўнены ў тым, што выказваю пачуцці вернікаў усяго свету, я з удзячнасцю звяртаюся да памяці святога Яна Паўла ІІ, які ў апошнія дні стаў аб’ектам абразлівых і неабгрунтаваных высноў”.

Імя Караля Вайтылы апынулася ў гэтыя дні ў цэнтры паклёпніцкіх абвінавачванняў па справе Эмануэлы Арландзі, якія прагучалі ў прамым эфіры італьянскага тэлеканала La7. Абвінавачванні былі выстаўленыя на падставе ананімных чутак, без ніякіх доказаў або сведкавых паказанняў.

Знікненне Эмануэлы Арландзі, 15-гадовай дачкі ватыканскага супрацоўніка, якое адбылося 40 гадоў таму назад, застаецца прадметам шматлікіх расследаванняў грамадзянскіх і Касцёльных улад. У студзені 2023 года прамотар справядлівасці Дзяржавы Ватыкан Алесандра Дзідзі аднавіў расследаванне знікнення Арландзі ў адказ на просьбы членаў яе сям’і.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку