Па выніках першага туру ўступнага экзамену ў семінарыю ў Гродне залічаны новыя кандыдаты

19 ліпеня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся першы тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.

Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл.

Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў.

Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе:

  • старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, старшыня Камісіі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў;
  • кс. Ян Раманоўскі, прэфект Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне;
  • кс. Павел Эйсмант, куратар першага курса.

Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, з чыёй дыяцэзіі паходзяць кандыдаты, і атрымаўшы яго благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі кандыдаты з Гродзенскай дыяцэзіі:

  • Яўгеній Занеўскі (катэдральная парафія святога Францішка Ксавэрыя, Гродна);
  • Аляксандр Крыштаповіч (катэдральная парафія святога Францішка Ксавэрыя, Гродна);
  • Міхаіл Радзіон (парафія Святой Тройцы, Рось).

Другі тур уступнага экзамену на першы курс Вышэйшых духоўных семінарый у Гродне і Пінску адбудзецца ў будынку ККББ у Мінску 9 жніўня бягучага года.

Адказныя за фармацыю будучых святароў у нашай краіне просяць усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.

Кс. Павел Эйсмант, Catholic.by

для друку для друку