Падчас гэтага рытуалу не прамаўляюцца словы ўслых, яго лёгка прапусціць, таму што ён трывае некалькі секунд. Аднак гэты жэст надзвычай сімвалічны.
Фрагмент гостыі ў келіху
Падчас Імшы, якая цэлебруецца ў рымскім абрадзе Каталіцкага Касцёла, святар адломвае невялікую частку кансэкраванай гостыі і змяшчае яе ў келіх з кансэкраваным віном. Падчас гэтага рытуалу словы не прамаўляюцца ўслых, яго лёгка прапусціць, таму што ён вельмі хутка адбываецца. Аднак гэты жэст надзвычай сімвалічны.
Па словах Мікалая Гіра, аўтара кнігі “The Holy Sacrifice of the Mass” («Найсвяцейшая Эўхарыстычная Ахвяра»), звычай дадаваць невялікую частку гостыі ў келіх каранямі сягае ў гісторыю ранняга Касцёла. Гэта павінна было азначаць адзінства з Папам Рымскім і мясцовым біскупам.
Удзел у той самай Найсвяцейшай Ахвяры лічыўся сімвалам і абавязкам касцельных зносін; каб даказаць і падтрымаць гэта, Папы Рымскія і біскупы дасылалі іншым біскупам і святарам часткі канэкраваных гостый, якія атрымальнікі кідалі ў келіх і спажывалі. Гэты звычай захоўваўся ў Рыме прыблізна да IX ст. У нядзелю і святочныя дні Пантыфік пасылаў святарам, адказным за цэлебрацыю Найсвяцейшай Ахвяры ў мясцовых касцёлах, гостыі як сімвалам зносін з Кіраўніком Касцёла і знак іх улады цэлебраваць Найсвяцейшую Ахвяру.
Кансэкраваная гостыя была бачным і канкрэтным напамінам пра зносіны з Папам і біскупамі падчас цэлебрацыі кожнай святой Імшы.
Адна ахвяра
Іншым сімвалічным значэннем гэтага рытуалу быў напамін пра адзінства цэлебрацыі святой Імшы, якая з’яўляецца памяццю той самай, адной ахвяры, якую Езус склаў на крыжы. Католікі вызнаюць, што Езус не складае чарговую ахвяру на кожнай Імшы, але Эўхарыстыя — гэта містычны ўдзел у той адной, адзінай ахвяры, якая адбылася на Галгофе.
Раней гостыі ўжывалі інакш. Паколькі яны былі значна большымі, чым цяпер, іх падзялялі на тры часткі, размяркоўвалі паміж удзельнікамі Эўхарыстыі, адпраўлялі тым, хто адсутнічаў, і клалі ў келіх падчас цэлебрацыі Найсвяцейшай Ахвяры. (…) Раней кансэкраваная частка Цела Пана захоўвалася і далучалася да Найсвяцейшай Крыві падчас наступнай святой Імшы, верагодна, як сімвал нястомнай пераемнасці Ахвяры Хрыста і адзінства паміж апошняй і цяперашняй цэлебрацыямі Эўхарыстыі.
Па прыведзеных вышэй прычынах гісторыкі мяркуюць, што на працягу некалькіх стагоддзяў у келіху знаходзіліся дзве часткі гостыі — адна ад Папы Рымскага альбо біскупа, а другая заставалася ад папярэдняй Эўхарыстыі.
Сімвалізм учынку таксама паказвае на адзінства Цела і Крыві Езуса ў гостыі, бо і гостыя, і кансэкраванае віно ўтрымліваюць у сабе ўсю прысутнасць Езуса, Яго цела, кроў, душу і боскасць.
Рытуал цэлебрацыі нагадвае, што кожнае дзеянне святара падчас святой Імшы сыходзіць каранямі ў амаль два тысячагоддзі гісторыі і традыцыі. Ён вельмі прадуманы і накіраваны на тое, каб перадаць шмат глыбокіх духоўных ісцін.
Пераклад Марыны Сінкевіч
Па матэрыялах pl.aleteia.org
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!