Ватыканскае выдавецтва LEV і Ордэн святога Аўгустына абвясцілі аб тым, што ў бліжэйшыя месяцы выйдзе ў свет новае выданне аўтарства Папы Льва XIV. У кнізе ўпершыню будуць апублікаваныя тэксты Роберта Прэвоста, створаныя ў перыяд яго дзейнасці на пасадзе генеральнага прыёра ордэна аўгустынцаў.
15 кастрычніка 2025 года на Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце выдавецтва LEV (Libreria Editrice Vaticana) абвясціла пра выхад кнігі “Вольныя ў Божай ласцы. Запісы і разважанні (2001-2013)” (Liberi sotto la grazia. Scritti e meditazioni 2001–2013). Кніга будзе выдадзена на італьянскай мове вясной 2026 года.
У зборніку ўпершыню будуць апублікаваныя разважанні, гаміліі, казанні і прамовы айца Роберта Прэвоста. Яны адлюстроўваюць аўгустынскую духоўнасць цяперашняга Пантыфіка.
Кіраўнік Ордэна святога Аўгустына, айцец Джозэф Фарэл, адзначыў, што кніга раскрывае асноўныя тэмы і напрамкі дзейнасці Роберта Прэвоста на пасадзе прыёра.
Галоўны рэдактар выдавецтва LEV Ларэнца Фацыні падкрэсліў, што выданне выклікае вялікую цікавасць ва ўсім свеце. Яно дазволіць чытачам бліжэй пазнаёміцца з духоўным жыццём і думкамі Папы Льва XIV у перыяд, калі ён быў аўгустынскім манахам і кіраўніком свайго ордэна.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
