Прыцягнуць велізарную колькасць людзей няпроста. Вядомыя спевакі і міжнародныя мерапрыемствы збіраюць вялікую аўдыторыю, але толькі вельмі папулярная асоба можа прывесці мільён людзей на вуліцы. Вядома, колькасць людзей — гэта яшчэ не ўсё, але гэта важны знак цікавасці і адданасці.
Падчас Юбілею моладзі Папа Леў XIV сустрэўся з мільёнам маладых людзей у Рыме. Іншыя папскія мерапрыемствы з яго папярэднікамі, асабліва падчас апостальскіх падарожжаў або сустрэч з моладдзю і сем’ямі, збіралі падобную колькасць людзей.
Мільёны пілігрымаў наведваюць святыню Маці Божай Гвадэлупскай у Мексіцы да, падчас і пасля свята ў яе гонар. Але гэта добра вядомыя прыклады. Бразілія, краіна з найбольшым каталіцкім насельніцтвам у свеце, ні ў якім разе не адстае ў гэтым плане. У 2024 годзе Нацыянальны санктуарый Маці Божай Апарэсідскай наведалі больш за 9 мільёнаў чалавек.
А ў жніўні штогадовае свята сабрала за адзін дзень больш за мільён чалавек (у тым ліку 3 тысячы валанцёраў), якія прайшлі працэсіяй у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў паўночна-ўсходнім бразільскім горадзе Форталеза, паведамляе Aleteia.
Ушанаванне Марыі кожны год у сталіцы штата Сеара збіраецца мноства вернікаў. У гэтым годзе 15 жніўня — свята Маці Божай Успення, апякункі Форталезы, прыпала на пятніцу. Апоўдні арцыбіскуп Грэгары да Пайшао адслужыў св. Імшу ў санктуарыі ў раёне Віла-Велья. У сваёй гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў: «Шэсце з Марыяй — гэта больш, чым проста працэсія; гэта знак нашай жывой веры, пілігрымка, адзначаная надзеяй. Мы ідзем з Марыяй, каб вучыцца ў яе, як ісці з Хрыстом і з нашымі братамі і сёстрамі, асабліва з тымі, хто найбольш пакутуе».
Абраз Успення Дзевы Марыі знаходзіўся ў машыне федэральнай дарожнай паліцыі, а больш за 20 гучнагаварыцеляў транслявалі песні і малітвы. Адзін з самых цікавых і сімвалічных момантаў — момант з мантыяй Марыі. Натоўп звяртаецца да Марыі, спадзеючыся на Яе абарону, і ў знак гэтага людзі ўздымаюць над галавой велізарную сінюю тканіну даўжынёй больш за 330 метраў, якая сімвалізуе ахоўную мантыю Марыі.
Свята з’яўляецца часткай афіцыйнага календара штата і ўжо дзесяць гадоў прызнаецца культурнай спадчынай Бразіліі.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
