4 кастрычніка 2025 года ў Магілёве адбыўся традыцыйны IX ружанцовы кангрэс, прысвечаны тэме «Маці Божая Успамога Хрысціянаў у салезіянскай духоўнасці».
Мерапрыемства сабрала вернікаў з усіх куткоў Беларусі, каб дапамагчы ім паглыбіцца ў Марыйную лінію салезіянскай духоўнасці праз прызму жыцця і спадчыны св. Яна Боско, св. Марыі Мадзарэлло, бл. Александрыны да Коста, а таксама св. Дамініка Савіо і бл. Лаўры Вікуньі. Таксама гэты кангрэс быў адметны сваёй экалагічнай накираванасцю, кожны ўдзельнік атрымаў улёткі з парадамі па захаванні навакольнага асяроддзя і цытатамі з энцыклікі Папы Францішка “Laudato Si”.
Перад пачаткам кангрэса ўсіх прысутных сардэчна прывітаў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў важнасць гэтага дня як часу духоўнага ўзрастання, узаемнага абмену вопытам і ўзмацнення веры. Біскуп адзначыў, што сустрэча, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных супольнасцяў салезіянскай сям’і, з’яўляецца каштоўным момантам еднасці і натхнення для ўсіх, хто прысвячае сваё жыццё служэнню моладзі і Касцёлу.
Іерарх пазычыў, каб гэты дзень стаў сапраўднай нагодай для кожнага паглыбіць сваю веру і адчуць сілу духоўнай спадчыны святога Яна Боско, а таксама каб прыклады святых і благаслаўлёных салезіянскай сям’і сталі жывым сведчаннем Божай прысутнасці ў свеце. Біскуп падкрэсліў, што вера павінна быць не толькі прадметам разважання, але і канкрэтным жыццёвым сведчаннем, якое выяўляецца ў радасці, братэрстве і служэнні іншым.
Таксама Біскуп Аляксандр перадаў прывітанне і пастырскае благаслаўленне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, які павінен быў стаць ганаровым госцем кангрэсу і меў вялікае жаданне да яго далучыцца, але не змог, бо прымаў удзел у Рэспубліканскіх дажынках, якія адбываліся ў горадзе Крычаў магілёўскай вобласці. Падчас усяго кангрэса біскуп Аляксандр актыўна ў ім удзельнічаў, выконваючы ролю мадэратара і ў пэўным сэнсе духоўнага кіраўніка. З уласцівымі яму спакоем, інтэлігентнасцю і пастырскай далікатнасцю ён прадстаўляў кожнага дакладчыка, звяртаючы ўвагу на сутнасць паслання і падкрэсліваючы яго сувязь з салезіянскай харызмай. Яго кароткія, але глыбокія каментары дапамагалі ўдзельнікам лепш зразумець кантэкст выступленняў і паглядзець на тэмы праз прызму веры, досведу Касцёла і духу св. Яна Боско.
Марыя – кіраўніца і настаўніца св. Яна Боско
Першы даклад кс. Артура Ляшнеўскага SDB быў прысвечаны месцу Маці Божай у жыцці і місіі св. Яна Боско. Святар узгадаў словы св. Яна Боско: «Мы ніколі не рабілі нічога такога, чаго раней не паказала Маці Божая». Яе прысутнасць была кіруючай сілай у яго душпастырскай працы з моладдзю. Менавіта Марыі ён даручыў сваіх выхаванцаў, кажучы: «Даверцеся Успамозе Хрысціянаў, і тады вы ўбачыце, што такое цуды!» Асаблівую ўвагу святы надаваў малітве «Вітай, Марыя», сцвярджаючы, што ўсе цуды Салезіянскай Сям’і адбыліся дзякуючы ёй. Ён таксама заснаваў Асацыяцыю Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая стала жывым помнікам удзячнасці Маці Божай за апеку.
Жаночы твар салезіянскай святасці
Сястра Дар’я Еўтухоўская FMA прадставіла духоўны вопыт св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло. Для заснавальніцы Дачок Марыі Успамогі Маці Божая была не проста аб’ектам пакланення, а жывой Настаяцелькай. Кожны вечар яна пакідала ключы ад дома ў ног Марыі, даручаючы Ёй кіраўніцтва. Св. Марыя Мадзарэлло часта паўтарала: «Калі не выконваеш сваіх абавязкаў, выклікаеш агіду ў Бога і засмучаеш Марыю». Яе жыццё стала прыкладам глыбокага даверу да Нябеснай Маці, якую яна заклікала пераймаць у чысціні, пакоры і служэнні.
Сведка сілы Марыі ў свецкім пакліканні
Сям’я салезіянаў супрацоўнікаў Эдуард і Вераніка Рогач распавялі пра бл. Александрыну да Коста, якую называюць «белай ружай Езуса». Нягледзячы на цяжкую хваробу і поўны параліч, яна жыла толькі Эўхарыстыяй і стала жывым сведчаннем сілы малітвы да Маці Божай. Александрына далучылася да салезіянскіх супрацоўнікаў, кажучы: «Я адчуваю вялікае яднанне з салезіянамі супрацоўнікамі ўсяго свету». Яе жыццё было прысвечана малітве за выратаванне моладзі, асабліва праз шанаванне Эўхарыстыі і Ружанца.
Плёны Марыйнай духоўнасці: святасць моладзі
Чацвёрты даклад, падрыхтаваны Дар’яй Купцовай, быў прысвечаны св. Дамініку Савіо і бл. Лаўры Вікуньі – маладым, якія паказалі ўсяму свету, што святасць магчыма ў любым узросце, калі цалкам давяраеш Марыі. Св. Дамінік Савіо (1842-1857), выхаванец араторыя на Вальдокко, яшчэ ў дзяцінстве зрабіў Марыю сваёй «найлепшай сяброўкай». У дзень Першай Камуніі ён запісаў: «Маімі найлепшымі сябрамі будуць Езус і Марыя». Дамінік заснаваў «Таварыства Беззаганнай», дзе хлопцы дапамагалі адзін аднаму захоўваць чысціню пад апекай Марыі. Яго дэвізам былі словы: «Я хачу стаць святым, але радасным святым».
Бл. Лаўра Вікунья (1891-1904), выхаванка Дачок Марыі Успамогі ў Чылі, у 12 гадоў прынесла ў ахвяру сваё жыццё за навяртанне маці. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця і ціск з боку айчыма, яна захавала вернасць Богу праз давер да Марыі, якую называла «маёй Маці». Яе апошнія словы, калі яна адыходзіла да Бога, былі: «Якая цудоўная рэч!».
Абодва гэтыя маладыя святыя паказалі, што святасць не залежыць ад узросту, а толькі ад адкрытасці сэрца да Божай ласкі праз Марыю.
Практычныя парады з дакладу:
- Жыві ў сяброўстве з Марыяй — штодзённа давярай Ёй свае радасці і клопаты;
- Захоўвай чысціню сэрца — будзь верным Богу ў прастаце паўсядзённага жыцця;
- Шукай святасць у прастаце — рабі простыя рэчы з вялікай любоўю;
- Часцей прыбягай да сакрамэнтаў — Эўхарыстыя і Споведзь ёсць крыніцамі сілы;
- Будзь радасным хрысціянінам — святасць не пазбаўляе радасці, а наадварот.
Больш падрабязна з дакладамі і жыццёрысам святых можна будзе пазнаёміцца на сайце sdb.by
Прароцкае бачанне св. Яна Боско
Урачыстую Эўхарыстыю на завяршэнне кангрэса ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён цэлебраваў святую Імшу ў духу падзякі за ўсе ласкі, атрыманыя падчас кангрэса. Літургія стала вяршыняй і духоўным сінтэзам усяго дня, калі словы, сведчанні і малітвы сабраліся ў адну супольную падзяку Богу за прысутнасць у жыцці салезіянскай сям’і.
Казанне прамовіў кс. д-р Віктар Гайдукевіч SDB, які ў сваім глыбокім і вобразным слове нагадаў прысутным пра знакаміты сон св. Яна Боско пра дзве калоны — Эўхарыстыю і Марыю Успамогу Хрысціянаў. Гэты сімвал, па словах прапаведніка, не страціў сваёй сілы і сёння: у свеце, дзе вера часам сутыкаецца з бурнымі вятрамі скептыцызму і абыякавасці, Касцёл трымаецца толькі тады, калі прывязаны да гэтых дзвюх апор.
Ён падкрэсліў, што Эўхарыстыя — гэта сэрца Касцёла, жывая прысутнасць Хрыста, якая надае моц сведчанню кожнага верніка, а Марыя — гэта матчына апека, што вядзе праз цемру і захоўвае ад страты надзеі. «Карабель Касцёла заўсёды будзе пад абстрэлам, – адзначыў святар, – але ёсць дзве апоры, якія ніхто і ніколі не здолее зруйнаваць: гэта Хрыстус у Эўхарыстыі і Марыя, Маці Касцёла».
Агульнабеларуская Навэнна
Кангрэс адбыўся ў кантэксце падрыхтоўкі да Агульнабеларускай Навэнны, якая распачалася ў першую суботу кастрычніка. Яе мэтай з’яўляецца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Хрыста і ўдзячнасць за 35 гадоў аднаўлення Касцёла ў Беларусі.
Як сведчаць прыклады св. Дамініка Савіо і бл. Лаўры Вікуньі, Марыя Успамога Хрысціянаў застаецца кіраўніцай і заступніцай усіх, хто ідзе шляхам салезіянскай духоўнасці — ад маладых да дарослых. Як казаў св. Ян Боско: «Калі вы будзеце мець пабожнасць да Марыі, вы атрымаеце благаслаўленне ў гэтым свеце і месца ў раі ў наступным».
Напрыканцы святой Імшы да сабрыных звярнуўся айцец Раман Шульц OP, галоўны арганізатар і заснавальнік кангрэса. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць усёй салезіянскай сям’і за падрыхтоўку кангрэса, кожнаму, хто далучыўся сваёй працай і малітвай да таго, каб гэты кангрэс адбыўся, а таксама запрасіў усіх на наступны кангрэс, які адбудзецца 3 кастрычніка 2026 года.
Біскуп Аляксандр у сваю чаргу выказаў шчырую падзяку ўсім, хто сваім удзелам і служэннем зрабіў магчымым правядзенне гэтага кангрэса. Асаблівую ўдзячнасць ён адрасаваў архімандрыту Сяргею Гаеку за прысутнасць і супольную малітву, якая стала выразным знакам духоўнай еднасці паміж традыцыямі Усходняй і Заходняй Цэркваў. Словы падзякі былі таксама скіраваны да рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі, ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB, які выступіў галоўным каардынатарам з боку Салезіянскай сям’і і з вялікай руплівасцю спрыяў таму, каб сустрэча прайшла ў духу адзінства, малітвы і салезіянскай радасці. Біскуп не абмінуў увагай і айца Рамана Шульца ОР, які з’яўляецца ініцыятарам традыцыі ружанцовых кангрэсаў і з запалам развівае гэтую каштоўную духоўную спадчыну, узбагачаючы яе новым досведам веры і глыбокай Марыйнай пабожнасцю. Яго праца і адданасць былі адзначаны як прыклад жывой любові да Маці Божай і служэння ў духу Дона Боско.
Уладзіслаў Зарэцкі ASC, Рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства Святога Францішка Сальскага».
