У нядзелю Божай Міласэрнасці ў парафіяльнай святыні ў Шчучыне адбылося прыняцце васьмі новых міністрантаў да Літургічнай службы алтара (ЛСА) «Calasanz».
З верасня кандыдаты па-рознаму рыхтаваліся да гэтага ўрачыстага моманту. Гэта былі фармацыйныя спатканні, тэарэтычная і практычная падрыхтоўка, інтэграцыйныя паездкі з усёй групай ЛСА. Акрамя таго, за дзень да ўрачыстасцяў быў арганізаваны дзень засяроджання, падчас якога хлопцы прыдумалі 10 запаведзяў, каб быць добрым міністрантам, якія і абяцалі выконваць.
Галоўную ўрачыстасць прыняцця хлопцаў у шэрагі міністрантаў узначаліў пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SP. Падчас Эўхарыстыі новыя міністранты перад пробашчам і ўсімі прысутнымі склалі абяцанні заўсёды быць вернымі Хрысту і Яго Касцёлу, і атрымалі комжы і пасведчанні міністранта.
На заканчэнне ўсіх чакаў салодкі пачастунак.
У той час вернікі ў капліцы ў в. Барташах, якая недалёк Шчучына і куды штонядзелю прыязджаюць святары, таксама перажылі падобную ўрачыстасць. Восем хлопцаў былі прыняты ў кандыдаты, якія ў бліжэйшыя месяцы будуць рыхтавацца да міністранцкай службы.
А. Віталь Слука SP, тэкст
Дзмітрый Дзікевіч, фота
