Eternal Word Television Network (EWTN) з’яўляецца адной з найбуйнешых каталіцкіх тэлекампаній у свеце. Ужо чацвёрты год запар яна арганізуе Летнюю Акадэмію для маладых каталіцкіх журналістаў. Падобна, як гісторыя ўзнікнення самой тэлекампаніі, Акадэмія пачалася з маленькай ініцыятывы. Некалькі чалавек сабралася на пару дзён у гаражы кіраўніка офіса EWTN, каб падзяліцца адзін з адным каштоўным досведам.
Сёння Летняя Акадэмія EWTN праходзіць у сценах Ватыкана і збірае ўдзельнікаў з усіх куткоў свету – ад Ірландыі да В’етнама. Арганізатары атрымліваюць сотні заявак на некалькі дзясяткаў месцаў. Адбор праходзяць як і менш дасведчаныя стваральнікі хрысціянскага кантэнту, так і каталіцкія Instagram- і ТikTok-інфлюэнсеры з сотнямі тысяч падпісчыкаў. Як падкрэсліваюць арганізатары, мэта Акадэміі – развіваць наступнае пакаленне каталіцкіх журналістаў праз сумеснае навучанне, а таксама будаваць моцную міжнародную супольнасць медыйных “апосталаў”.
У гэтым годзе ў Летняй Акадэміі EWTN прынялі ўдзел два чалавека з Беларусі – Арцём Ткачук і Анастасія Пец. Арцём – каталіцкі блогер са шматгадовым досведам, аўтар артыкулаў для газетаў “Слова Жыцця” і “Каталіцкі Веснік”, часопіса “Авэ Марыя” і сайта “Grodnensis.by”. Распрацоўшчык вэб-партала Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра “Samaranin.by”. Анастасія працуе з трыма адносна новымі, але папулярнымі евангелізацыйнымі відэа-праектамі: “PAX.TV”, “К себе с любовью” і “Ням-Ням”. Дзяўчына адказвае за reels, займаецца афармленнем сацыяльных сетак, дапамагае са сцэнарамі і ў працэсе здымак.
Маладзёны распавядаюць пра свой досвед удзелу ў Акадэміі і заклікаюць беларусаў станавіцца часткай гэтай супольнасці.
Арцём Ткачук (на дадзены момант жыве ў Варшаве, Польшча)
– Арцём, ты – дасведчаны каталіцкі журналіст. Што Летняя Акадэмія EWTN дала чалавеку, які сам можа выступаць з лекцыямі?
– Такія сустрэчы – гэта заўжды добра для развіцця. Яны падштурхоўваць да рэфлексіі, да параўнання досведаў, нараджаюць новыя ідэі. Акадэмія дала шмат кантактаў з каталіцкімі журналістамі з розных краін. Было цікава паслухаць людзей, актыўна занятых у камунікацыі Касцёла на розных узроўнях. Я даведаўся пра розныя праекты, падыходы, магчымасці. Штосьці для Беларусі недасягальнае, штосьці магчымае, нейкія рэчы можна рабіць у нас, але ў іншым фармаце. Акадэмія – гэта дакладна пра заданне для сябе самога на многія гады наперад.
– Як удзел у ёй дапамог зірнуць на каталіцкую журналістыку ў сусветным кантэксце?
– Адназначна адчуваецца еднасць мэтаў. Журналісты ўсведамляюць сваю адказнасць, як бы банальна гэта ні прагучала, у служэнні Евангеллю і супольнасці вернікаў. Гэта адказнасць усебаковая: евангелізацыя, адлюстраванне хрысціянскіх поглядаў на розныя сферы жыцця, асвятленне дзейнасці католікаў, асвятленне складаных унутрыкасцельных тэмаў, якія патрабуюць агульнай рэфлексіі. На Акадэміі я сустрэў дзясяткі ўдзельнікаў, сфармаваных паводле прынцыпу двух крылаў св. Яна Паўла ІІ – fides et ratio (вера і розум). Гэта людзі, якія адначасова імкнуцца да пазнання шляхам веры і інтэлектуальных намаганняў.
– А што беларускія медыя-адмыслоўцы могуць прыўнесці ў гэтую міжнародную супольнасць?
– Я думаю, мы можам дакладна дзяліцца тым, як у краіне, дзе католікі – меншасць, рабіць каталіцкія медыйныя прадукты з вельмі абмежаванымі рэсурсамі. Таксама ў нас ёсць неацэнны досвед мультылінгвістычны: Касцёл, у большасці беларускамоўны, камунікуе з рускамоўнай большасцю. Ёсць спробы каталіцкіх блогераў працаваць на рускамоўную аўдыторыю па-за Беларуссю. Увогуле сам кантэкст, у якім існуе Касцёл у Беларусі, вельмі спецыфічны. Таму, думаю, нам заўжды ёсць што абмеркаваць і падзяліцца з прадстаўнікамі краін, дзе католікі з’яўляюцца нетрадыцыйнай канфесіяй.
– Як матываваць маладых людзей з Беларусі, занятых у сферы каталіцкіх медыя, імкнуцца прыняць удзел у Летняй Акадэміі EWTN?
– Я мяркую, што за 35 гадоў пасля адраджэння Касцёла ў Беларусі было зроблена шмат у сферы камунікацыі. У нас сапраўды ёсць выданні, ёсць пэўныя стандарты, ёсць адмыслоўцы. Гэта факт. Разам з гэтым мы цудоўна разумеем, што сфера камунікацыі развіваецца асабліва хутка: яшчэ нядаўна Instagram без варыянтаў займаў першае месца па папулярнасці, а сёння ўжо цяжка ўзгадаць, калі TikTok заняў гэты подыум. Фарматы змяняюцца, і гэта патрабуе ад журналістаў, ці людзей, занятых у камунікацыі, таксама рухацца разам са сваёй аўдыторыяй. Летнюю Акадэмію EWTN, бясспрэчна, раю, бо трэба ехаць і знаёміцца з іншымі журналістамі, з іх праектамі, набірацца досведу, марыць пра будучыню…

У гістарычным архіве Propaganda Fidei, дзе сабраны дакументы Ватыкана адносна місіянерскай дзейнасці
Анастасія Пец, г. Мінск
– Анастасія, ты занятая ў некалькіх каталіцкіх відэа-праектах. Што, вынесенае з Летняй Акадэміі EWTN, найбольш спатрэбіцца ў тваёй прафесійнай дзейнасці?
– Я б вылучыла тры асноўныя моманты. Па-першае, самае важнае правіла для чалавека, які стварае кантэнт, – гэта тое, што прадукт павінен падабацца і выклікаць добрыя эмоцыі ў яго самога. Гэта можа падацца відавочным, але калі займаешся стварэннем кантэнту на штодзённай аснове, працэс ператвараецца ў механічныя дзеянні, у канвеер.
Другі важны элемент пры стварэнні відэа – гэта гукі. Многія іх недаацэньваюць, але менавіта гукі робяць карцінку аб’ёмнай і глыбокай. Яны дапамагаюць стварыць неабходныя настрой і ўражанне, выклікаць эмоцыі ў гледача.
І па-трэцяе, я ўсвядоміла моц евангелізацыі праз візуал. Прапаведаванне Хрыста можа адбывацца не толькі з дапамогай словаў, але і праз дэманстрацыю каталіцкай культуры – святыняў, распісных столяў, скульптураў і шмат іншага. Візуальная прыгажосць можа прамаўляць вельмі гучна! Нават у мяне першае судакрананне з Касцёлам у падлеткавым узросце адбылося менавіта праз прыгажосць храма і св. Імшы. Толькі пасля захаплення карцінкай мне захацелася даведацца, што за ёй хаваецца.
– Праграма курса заўсёды вельмі інтэнсіўная. Што стала для цябе найбольшым выклікам?
– Напэўна, пастаяннае выкарыстанне англійскай мовы. Навучанне адбывалася па-ангельску, на ўсіх перапынках мы размяўлялі па-ангельску, і нават у пакоі з суседкай я размаўляла па-ангельску! Для мяне гэта быў абсалютна новы досвед. І пасля вяртання ў Беларусь я думала, што больш ніколі не захачу размаўляць на гэтай мове! Аднак прайшло некалькі дзён, я адпачыла, і ў мяне, наадварот, з’явілася яшчэ больш матывацыі практыкаваць англійскую мову, бо гэта адкрывае шмат магчымасцяў.
– А якія моманты сталі для цябе найбольш яскравымі, запамінальнымі?
– Іх было вельмі многа, таму што Летняя Акадэмія EWTN арганізаваная на вельмі высокім узроўні! Адзін з цудоўных успамінаў – гэта ўдзел у св. Імшы каля галоўнага алтара ў базіліцы святога Пятра. Гэта было неверагодна!
Таксама паездка ў мястэчка Кастэль-Гандольфа, дзе размяшчаецца летняя рэзідэнцыя Папы. У горадзе мы наведалі Ватыканскую абсерваторыю, каталіцкі тэхналагічны інстытут CatholicTech і адпачылі на невымоўнай прыгажосці возеры Альбана!
Назаўсёды ў сэрцы застануцца першы і апошні вечары ў Акадэміі, калі ўсе ўдзельнікі нібы перамяняліся: дзяўчаты апранулі кактэйльныя сукенкі, а хлопцы – касцюмы, і мы разам бавілі час, вячэралі, ці то з відам на базіліку св. Пятра, ці то на Рымскі форум. У гэтыя моманты я мела адчуванне, нібы перад вачыма ажыла карцінка з Pinterest.
– Ці было складана запоўніць заяўку на ўдзел? На што ты б параіла звярнуць увагу пры яе афармленні?
– Нескладана, але гэта займае дастаткова шмат часу. Таму першая парада – гэта не адкладваць яе запаўненне на апошнія дні падачы. Другая парада – кандыдату трэба зразумець, у чым глабальная місія яго дзейнасці ці праекта і пастарацца перадаць гэта ў відэа-візітцы. Арганізатары цэняць унікальны кантэнт. Таму калі вашая праца мае сваю разынку, свае асаблівасці, якія вылучаюць яе сярод іншага медыя-маэрыялу, то гэта вялікі плюс!
Энтані Джонсан, праграмны дырэктар Летняй Акадэміі EWTN
– Нашая каманда сёлета была ўражаная колькасцю заявак, атрыманых з Беларусі. Фактычна з 23 прадстаўленых краін Беларусь падзяліла трэцяе месца па колькасці кандыдатаў у Летнюю Акадэмію EWTN. У выніку мы мелі пяцярых славянамоўных удзельнікаў, двое з якіх з Беларусі. Разам з тым адна з нашых асістэнтак таксама была беларускай.
Калі мы атрымліваем такую значную колькасць добрых анкетаў з пэўнай краіны ці рэгіёна, зразумела, мы звяртаем на гэта асаблівую ўвагу. Пачынаем задаваць больш шырокія пытанні: “Наколькі моцны Каталіцкі Касцёл у Беларусі? Ці колькасць вернікаў пастаянна павялічваецца? Ці журналісты, якія займаюцца асвячэннем жыцця Касцёла, – гэта сапраўдныя паслядоўнікі Хрыста, якія лічаць сваю справу місіяй?” І таму, калі мы запрашаем гэтых журналістаў у Рым і Ватыкан, мы шчыра радыя сустрэчы, імкнёмся наладжваць сувязі і цешымся, калі яны становяцца чальцамі нашай міжнароднай супольнасці каталіцкіх медыя-энтузіястаў.
Чакаем новых сустрэчаў у самым сэрцы Каталіцкага Касцёла!
Ангеліна Марцішэўская
Тэлекамапнія EWTN была заснаваная ў 1981 годзе сястрой-кларыскай Марыяй Анжэлікай Рыца, больш вядомай як Маці Анжэліка. Яе місія – распаўсюджваць вучэнне Каталіцкага Касцёла глабальна. Штаб-кватэра EWTN знаходзіцца ў Ірандэйле, штат Алабама (ЗША). Другі па велічыні офіс размяшчаецца ў Рыме (Італія), менавіта ён ладзіць Летнюю Акадэмію для маладых каталіцкіх журналістаў.
Праграма Акадэміі ўяўляе сабой лекцыі ад вядучых спецыялістаў у сферы каталіцкай журналістыкі, а таксама практычныя заняткі з камерай і ў імправізаваных калектывах рэдакцыі. Акрамя гэтага, арганізатары забяспечваюць цікавую рэкрэацыйную праграму: выезды на пляж і экскурсіі. Усе кошты пакрываюцца.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




