Незвычайных гасцей сёлета гасціла парафія Унебаўшэсця Пана ў в. Дзеркаўшчына (Глыбоцкі дэканат). А менавіта на працягу трох дзён адбываўся вясеннік для скаўтаў з Мінскіх і Полацкай парафій на чале з кс. Уладзімірам Марушэўскім SChr, адказным за скаўтаў у Мінску.
Моладзь перажывала час з Богам і прыродай. Супольная адарацыя, св. Імша, розныя малітвы і спевы спадарожнічалі падчас вясенніка. Кожная каманда (кап’ё) мелі магчымасць паказаць сябе ў майстраванні крыжа без цвікоў, кулінарыі, ведах пра Пана Бога, прадстаўлялі сцэнкі ценяў, дзяліліся досведам сваёй веры, а дапамагалі ім у гэтым старэйшыны, адказныя за звяз.
Дзякаваць Богу і надвор’е спрыяла. Такія сустрэчы неабходныя, каб моладзь набіралася моцы і веры, каб маглі наўзаем даваць прыклад жывой веры. Таксама і ў нашай парафіі, патроху паўстае рух маленькіх скаўтаў (ваўчанят), якія паступова ўкрочваюць у справу развіцця Паўсюднага Касцёла.
Кс. Валерый Орсік
