Кардынал заклікаў маліцца за візіт Папы ў Кітай

Марыйны санктуарый у кітайскім Шэшан

Кардынал Стэфан Чоў Саў-ян, біскуп Ганконга, заклікаў усіх вернікаў да малітвы «каб Папа Леў XIV змог ступіць на кітайскую зямлю”.

У канцы мая ў катэдры Беззаганнага Зачацця ў Ганконгу кардынал Чоў Саў-ян маліўся ў інтэнцыі служэння Папы. Аб гэтым паведамляе агенцтва “Fides”.

Падчас гаміліі іерарх прызнаўся, што Папа Леў XIV сказаў яму пра сваё жаданне здзейсніць пастырскі візіт у Кітай. «Прашу вас, маліцеся за яго, каб ён змог здзейсніць нерэалізаваную мару Папы Францішка «, — дадаў кардынал. «Я лічу, што ён не чужы кітайскай культуры. Было б вельмі значна, калі б ён змог здзейсніць пастырскі візіт у Кітай як Папа, таму прашу вас аб малітве за гэтую мару», — падзяліўся ён.

Таксама ў суботу 24 мая 2025 года, пасля заканчэння Эўхарыстыі з нагоды Дня Малітвы за Касцёл у Кітаі, Чоў зноў звярнуўся з такім заклікам. Як паведамляе “Fides”, кардынал падзяліўся з прысутнымі таксама сваім досведам пілігрымкі да марыйнага санктуарыя ў Шэшань, недалёка ад Шанхая, якую ён здзейсніў у лютым разам з дэлегацыяй Ганконгскай дыяцэзіі.

Кардынал расказаў пра вялікае хваляванне, якое ён перажыў, убачыўшы нарэшце вялікую статую на вяршыні ўзгорка, і як – стоячы перад ёй – усе маліліся аб здароўі Папы Францішка, які ў той час знаходзіўся ў шпіталі “Джэмэлі” ў Рыме.

«Зараз, — дадаў кардынал Чоў, — Папа Францішак знаходзіцца ў небе і моліцца за нас і за наш Касцёл у Кітаі. Ён заўсёды жадаў наведаць Кітай і сустрэцца з нашымі братамі і сёстрамі… Цяпер мы молімся, каб яго пераемнік, як Наступнік Пятра, змог аднойчы ступіць на кітайскую зямлю».

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку