Японія: самая вялікая ў свеце драўляная статуя Дзевы Марыі — плён 40-гадовай працы аднаго чалавека

Японскі скульптар Эйдзі Аямацу сам выразаў 10-метровую драўляную статую Дзевы Марыі з дзіцяткам Езус, якая знаходзіцца ў Нагасакі. Гэтая скульптура ўсталявана на знак памяці пра знішчэнне хрысціян, а штуршком да яе стварэння стаў… ліст св. Яна Паўла II.

Эйдзі Аямацу ўзяўся за гэты праект у 1981 годзе пасля візіту святога Яна Паўла II у Нагасакі. Японскі скульптар, сам католік, падарыў Святому Айцу невялікую фігурку Дзевы Марыі, выразаную ўласнаручна. Узамен ён атрымаў пісьмовую падзяку і запэўненне ў малітве. Аднак ідэя пра вялікі твор, прысвечаны Панне Марыі, на той момант абдумвалася ім ужо 10 гадоў. Яна ўзнікла падчас наведвання руін замка Хара.

Эйдзі быў глыбока ўражаны тым, што на гэтым месцы не ўшаноўвалі памяць прыблізна 37 тысяч католікаў, забітых падчас сялянскага паўстання XVII стагоддзя на паўвостраве Сімабара. «Я хацеў выратаваць гэтыя душы ад забыцця», — падкрэсліў скульптар.

Трагічныя падзеі XVII стагоддзя прывялі да забароны хрысціянства ў Японіі амаль на 300 гадоў. У гэты час японскія паслядоўнікі Хрыста сустракаліся ў падземным касцёле, і многія з іх былі забітыя або вымушаныя публічна адмовіцца ад сваёй веры.

Хрысціянства зноў заквітнела ў Японіі толькі ў канцы XIX стагоддзя. Замак Хара, які наведаў скульптар, быў адным з цытадэляў, дзе каталіцкія сяляне шукалі прытулку ад урадавых сіл. Імперскія войскі амаль зраўнялі будынак з зямлёй артылерыйскім агнём. Акрамя паўстанцаў, падчас абстрэлу загінулі тысячы мірных жыхароў з бліжэйшых вёсак.

Нешматлікія католікі, якія засталіся на гэтых землях, таемна ўшаноўвалі, у прыватнасці, Дзеву Марыю ў вобразе Каннон, гэта значыць «пераапранутую» ў будыйскія шаты, каб яе не пазналі. Менавіта да гэтага вобраза, праслаўленага ласкай, адсылае гледачоў драўляная статуя Аямацу. Скульптуру ўсталявалі на зямлі, якую валанцёры выкупілі непадалёк руін замка.

«Здавалася безнадзейным, што я прыступіў да працы без замовы; і цяпер статуя будзе стаяць у тым месцы, якое яе найбольш заслугоўвае», — сказаў скульптар у 2022 годзе, за некалькі месяцаў да адкрыцця статуі. Эйдзі Аямацу стварыў статую Дзевы Марыі вышынёй усяго каля 50 сантыметраў і паступова павялічваў яе вышыню да 2,5 метраў і 6 метраў, перш чым пачаць працу над амаль 10-метровай статуяй.

Афіцыйнае адкрыццё Мемарыяла пакутнікаў Сімабара-Амакуса адбылося ў 2023 годзе. З-за высокай сейсмічнай актыўнасці ў рэгіёне статую Дзевы Марыі ўсё яшчэ трэба было замацаваць на выпадак землятрусу. У дакументальным фільме скульптар таксама прызнаўся, што маліўся Богу аб «замове» — місіі, якой ён мог бы прысвяціць сваё жыццё. Спадар Аямацу ўспрыняў ліст ад Папы Яна Паўла II як адказ на свае малітвы. Ён падкрэслівае, што ліст ад Папы прыйшоў у той час, калі ён яшчэ не быў вядомым скульптарам і адчуваў фінансавыя цяжкасці.

Эйдзі Аямацу — вядомы японскі скульптар. Ён некалькі разоў быў членам журы на выставе выяўленчых мастацтваў Японіі. Сярод іншага, ён быў узнагароджаны прэміяй прэм’ер-міністра і двойчы спецыяльную узнагароду на выставе выяўленчых мастацтваў.

Па матэрыялах pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку