Як даведацца, голас, які ты чуеш, належыць Богу ці злому духу? Пра тое, якіх слоў ніколі не скажа нам сатана, распавядае тэолаг Мікалай Капуста.
На сваім YouTube-канале «Dobra Nowina» тэолаг тлумачыць розніцу паміж голасам Бога і шэптам злога духа. Ёсць тры галасы, якія мы можам пачуць у сабе: голас Бога, наш уласны голас або прапановы ад злога. Як падкрэслівае Мікалай, на працягу ўсяго жыцця трэба вучыцца адрозніваць гэтыя тры галасы.
Адно правіла, якое дапаможа табе вызначыць, ці размаўляе з табой злы дух
Аднак ёсць адно правіла, якое вельмі дапамагае судзіць, з чыім голасам мы маем справу. Дастаткова прыслухацца да гэтага голасу і меркаваць, ці гэта голас абвінаваўцы, які не бачыць для нас надзеі і пакідае нас бездапаможнымі, ці гэта голас, які можа жорстка перасцерагаць нас, але паказвае нам выхад і выцягвае нам руку на дапамогу, заўсёды сее ў нас зерне надзеі.
— Сатана табе кажа: ні на што ты не годны! Ты тоўсты, ты непрыгожы, Богу досыць цябе. Думаеш, Ён табе зноў даруе? Вядома, не! Бог таксама можа сказаць на пачатку: што ты робіш, дзіця? Няма сэнсу! Я ведаю тое самае. Не бачыш, як ты стаміўся? Заблытаўся, але паслухай: калі б ты зрабіў тое і тое, ты ўжо быў бы на крок наперадзе. З сённяшняга дня ўсё можа змяніцца. Я з табой. Ты мяне моцна пакрыўдзіў — але Я з табой. Я табе зноў дапамагу, але звярніся да мяне! Змірыся, пагаворым, разбяромся, усё будзе добра. І гэта голас Бога, лічыць тэолаг.
Божыя словы могуць быць сапраўды жорсткімі, але Бог ніколі не робіць адно
Як падкрэслівае Мікалай Капуста, Божыя словы могуць быць сапраўды моцнымі, прыкладам чаго з’яўляюцца словы старазапаветных прарокаў, скіраваныя Богам да нявернага Ізраіля. Але Ён ніколі не пакідае свой народ без надзеі і абяцання дапамогі.
— Сатана абвінавачвае цябе, змешвае цябе з граззю, бачыць, як ты ляжыш, радуецца і б’е цябе нагамі, калі ты ляжыш. Бог таксама бачыць, што ты ляжыш, і таксама кажа: глядзі, ты ляжыш! Ты ў гразі, гэта дрэнна, гэта брудна, але Ён заўсёды дадае: Я падыму цябе, Я дапамагу табе, Я дам табе Свой Дух. Я цябе падымаў і цяпер гэта зраблю, — падкрэслівае тэолаг.
Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч
