“Хіба падзяліўся Хрыстус?” Хто ў гісторыі беларускага хрысціянства мог бы зблізіць вернікаў

Хрысціянства ў Беларусі існуе больш як тысячу гадоў, але на сёння падзеленае на тры буйныя канфесіі – каталіцтва, праваслаўе і пратэстантызм. Гісторыя іх дачыненняў была рознай, у тым ліку і крывавай, некаторыя засцярогі і перадузятасці застаюцца і да сёння. Але ж “хіба падзяліўся Хрыстус” (1-е Кар. 11:13), каб быць падзеленымі і хрысціянам? Мы паглядзелі і прапануем спіс тых хрысціянаў з гісторыі Беларусі, якія б маглі стаць прыкладам еднасці для нас, сённяшніх.

Кажучы пра гісторыю хрысціянства ў Беларусі, важна разумець, што яго распаўсюд на нашых землях пачынаўся ў тыя часы, калі была яшчэ адзіная Царква і не было падзелу на каталіцтва і праваслаўе, і тым больш – задоўга да пратэстантызму.

У той час, як царкоўная іерархія была кананічна падпарадкаваная Канстанцінопальскаму Патрыярху, на беларускія землі актыўна прыходзілі і місіянеры з Захаду.

Яшчэ ў 959 годзе кіеўская княгіня Вольга папрасіла нямецкага караля Атона І накіраваць на служэнне ў Кіеў біскупа, якім у рэшце стаў Адальберт Магдэбургскі. Недзе пасля 1000 года ў Полацк прыбылі і хрысціяне з далёкай Ісландыі – Стэўнір і Торвальд. Апошні спрычыніўся да заснавання ў горадзе кляштара святога Яна, каторы як праваслаўны прастаяў да канца XVI стагоддзя, і Торвальд быў там пахаваны. У 1008 годзе да кіеўскага князя Уладзіміра прыязджаў яшчэ адзін нямецкі арцыбіскуп – Бруна Квэрфурцкі, які спачатку з яго дапамогай быў накіраваны на місію да печанегаў, а затым прапаведаваў і сярод балцкіх плямёнаў. Загінуў ён у 1009 годзе на мяжы Прусіі, Русі і Літвы, што, як мяркуецца, магло быць тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

То бок, пачаткі хрысціянства на беларускіх землях, каторае распаўсюджвалася як з візантыйскага ўсходу, гэтак і з лацінскага захаду, дазваляюць зразумець, што абедзве галоўныя плыні яго на нашых землях – гістарычныя і традыцыйныя.

Дарэчы, святыя браты Кірыл і Мяфодзій, якія стаялі ля пачатку стварэння славянскай азбукі і прысвяцілі свае жыцці місіі сярод славянаў, хоць і паходзілі з тэрыторыі Візантыі, атрымалі дабраславенне на сваю дзейнасць ад Папы Рымскага Адрыяна ІІ. Ягоным жа рашэннем Мяфодзій быў высвечаны ў біскупы.

У часы ж адзінай Царквы ў Беларусі з’яўляюцца і першыя ўласныя знакамітыя хрысціяне. Перадусім гэта прадстаўнікі полацкай княскай дынастыі Рагвалодавічаў – першых вядомых валадароў на нашых землях, на плячах каторых, як міфічных атлантаў, грунтуецца і сённяшняя беларуская дзяржаўнасць. Сярод іх ужо князёўна Рагнеда ў 990-я гады першай прыняла манаскі сан. Гэтаму прыкладу паследавалі яе прапраўнучкі Прадыслава (1104-1167), што ўвайшла ў гісторыю пад сваім манаскім імем як святая Ефрасіння Полацкая, Гардзіслава (Еўдакія) і Звеніслава (Еўпраксія), на час каторых прыпадае росквіт храмавага будаўніцтва ў Полацку, перапісвання і перакладу кніг. Усё гэта ператварыла Полацк у сапраўдны культурны цэнтр. І менавіта імі была створаная галоўная беларуская святыня – крыж Ефрасінні Полацкай, які знік у 1941 годзе.

Дарэчы, памерла Ефрасіння Полацкая ў пілігрымцы ў Ерусалім, які на той момант быў сталіцай крыжацкага Ерусалімскага каралеўства. Калі б не каталіцкія крыжовыя паходы, яе паломніцтва ў Святую Зямлю магло б і не адбыцца.

Ну і ўявіць беларускае хрысціянства немагчыма без асобы Кірылы Тураўскага (каля 1115 – каля 1182) – выбітнага багаслова, прапаведніка і Тураўскага праваслаўнага біскупа. Недарма названыя ў яго гонар цэрквы – як праваслаўныя, гэтак і грэка-каталіцкія – можна знайсці і ў Беларусі, і ў Вялікабрытаніі, і ў ЗША ды Канадзе.

Традыцыі ўзаемадзеяння заходняй і ўсходняй плыняў хрысціянства працягнулі і першыя вялікія князі літоўскія ў ХІІІ стагоддзі: Міндоўг, які прыняў хрост у лацінскім абрадзе і карону ад Папы Рымскага, і ягоны сын Войшалк, які хрысціўся паводле грэцкага абраду і заснаваў Лаўрышаўскі манастыр, у каторым сам пэўны час жыў як манах.

Ну і, вядома, нельга ў гэтым спісе абмінуць асобу беларускага першадрукара Францішка Скарыны, які ў 1517 годзе выдаў кірыліцай першую беларускую і агулам усходнеславянскую кнігу.

Нараджэнец слаўнага Полацка навучаўся ў каталіцкіх Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, дзе і пазнаёміўся з друкарскай справай. Быў сакратаром віленскага каталіцкага біскупа Яна з князёў Літоўскіх ды прускага герцага-лютэраніна Альбрэхта. І пры гэтым усе кнігі Бібліі «людем посполитым к доброму научению» свядома выдаваў па-беларуску.

Наступныя часы ў гісторыі хрысціянства на беларускіх землях выпалі на перыяд рэлігійных войнаў у Еўропе. І хоць, у адрозненне ад сваіх суседзяў, у Рэчы Паспалітай маглі суіснаваць самыя розныя канфесіі – ад мусульманаў і юдэяў да хрысціянаў-антытрынітарыяў, рэлігійныя сутыкненні, забойствы і прымусы не абмінулі і наш край, асабліва ў XVII стагоддзі.

А ў ХХ стагоддзі беларускія вернікі зазналі татальны пераслед, вынікам чаго сталася вялікае праліццё крыві мучанікаў розных вызнанняў. І пры гэтым падтрымлівалі адно аднаго. Так, да прыкладу, бабруйскі праваслаўны епіскап Філарэт у 1937 годзе дазволіў каталікам маліцца ў мінскай праваслаўнай царкве пасля закрыцця апошняга касцёла ў БССР.

І ці не большасць з гэтых мучанікаў была б вартая ўшанавання незалежна ад канфесіі. Як адзначыў 14 верасня 2025 года Папа Леў XIV, мучаніцтва набліжае адно да аднаго хрысціян розных веравызнанняў. Паводле яго, хоць сведкі веры былі забітыя фізічна, ніхто не здолее прымусіць змоўкнуць іх голас ці перакрэсліць любоў, якую яны ахвяравалі. Яны далі сведчанне веры, ніколі не выкарыстоўваючы зброю сілы і гвалту, але прымаючы слабую і лагодную моц Евангелля.

Святы Айцец таксама падкрэсліў намаганні Каталіцкага Касцёла ў захаванні памяці пра мужных вызнаўцаў усіх хрысціянскіх традыцый. «Няхай кроў так многіх сведак наблізіць бласлаўлёны дзень, калі мы будзем піць з адзінага келіха збаўлення!» – сказаў Леў XIV.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку