Напачатку верасня ў парафіі санктуарыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Камянцы-Падольскім трыццаць тры парафіяне (жанчыны і мужчыны) сталі членамі Ганаровай варты. Пра сутнасць гэтай пабожнасці, асаблівасці яе практыкавання і свой пастырскі падыход распавядае пробашч парафіі кс.Марцін Сенк TChr.
— Адбылося заснаванне ганаровай варты Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Цяпер яна афіцыйна ўсталявана ў санктуарыі Найсвяцейшага Сэрца. І кожную першую пятніцу мы будзем прымаць новых жадаючых.
— Гэта выдатная навіна для тых, хто яшчэ не паспеў зарыентавацца! Можна не чакаць наступнага года, каб далучыцца. А што азначае «заснавана» і «афіцыйна»? У парафіях Украіны я часта чую пра чуванні ў касцёлах, пра Ганаровую варту, Гадзіну чування…
— Тут трэба адразу сказаць: не, Ганаровая варта — гэта не пра тое, каб сядзець у святыні гадзіну! І нават не пра тое, каб вылучыць гадзіну ў дзень на малітву дома і прастаяць яе на каленях… Гэта прынцыпова іншы падыход да хрысціянскай пабожнасці.
Свядомая прысутнасць
— Пачнём з галоўнага: духоўнай асновы. Ганаровая варта духоўна паходзіць з часоў Галгофы. Першую сапраўдную ганаровую варту каля крыжа Езуса неслі Найсвяцейшая Панна Марыя, апостал Ян і Марыя Магдаліна. Далейшае развіццё пабожнасці да Сэрца Езуса звязана з такой вядомай святой, як Маргарыта Марыя Алакок. А ўзнікненне Ганаровай варты звязана з такой менш вядомай святой, як сястра Марыя ад Найсвяцейшага Сэрца.
Яна жыла ў кляштары ў Бург-ан-Брэс. У 1862 годзе сёстры атрымалі ліст з Анессі: «Гасподзь паскардзіўся выбранай душы, што з таго часу, як Ён адкрыў нам сваё Сэрца, мы не праявілі дастатковай руплівасці ў распаўсюджванні Яго славы».
Пасля малітваў і роздуму сястра Марыя мела азарэнне: яна намалявала цыферблат гадзінніка з надпісамі «пашана, любоў, узнагарода» ўверсе і «ганаровая варта» ўнізе. Кожная сястра магла напісаць сваё імя замест гадзіны. Так у трэцюю пятніцу Вялікага посту 1863 года была створана Ганаровая варта, якая ў рэшце рэшт аб’яднала незлічоную колькасць людзей.
— У кляштары ўсталёўваць і выконваць пабожныя практыкі не тое што лягчэй, а проста лагічна: там жывуць малітвай.
— Таму сястра Марыя знайшла іншы падыход да справы: гаворка ідзе не пра адмову ад малітваў, а пра тое, каб аддаць гадзіну нашага дня як нашу кампенсацыю за грахі, як нашу варту ля Сэрца Езуса.
Калі я звярнуўся да цэнтра Архібрацтва ганаровай варты ў Кракаве, мне адказалі, што перш за ўсё трэба людзям добра растлумачыць сутнасць гэтай гадзіны прысутнасці. Гэта не гадзіна ў касцёле. Гэта нават не гадзіна малітвы ў іншым месцы.
Сутнасць Ганаровай варты заключаецца ў тым, каб пражыць пэўную гадзіну свайго дня ў прысутнасці Госпада. У пачатку вызначанай для сябе гадзіны мы ўсведамляем гэты намер, інтэнцыю: што ўсе свае справы і абавязкі, якія маем на працягу гэтай гадзіны, мы хочам выканаць як мага лепш. Гадзіна варты пачынаецца з намеру ахвярнасці: што сваімі дзеяннямі, абавязкамі мы хочам быць блізкімі да Сэрца Езуса — гэта значыць, добра іх выконваць.
— Такім чынам, для свецкіх людзей гэта спосаб сапраўднага пасвячэння свайго паўсядзённага жыцця?
— Менавіта. Кожны выбірае сабе зручны час; гэта пастаянна прызначаная гадзіна — але гэта НЕ «прызначэнне на дзяжурства ў святыні». Гэта свядомае пражыванне гадзіны свайго часу ў прысутнасці Бога, з ахвярай Сэрцу Езуса. Ці то хтосьці на працы — ён працуе як мага лепш, ці то адпачывае — ён робіць гэта на славу Божую…
— А калі раптам у гэтую гадзіну ён аказаўся хворым?
— Тым больш! Можна ахвяраваць гэтыя пакуты Госпаду.
— Як гэта выглядае «тэхнічна»?
— Калі набліжаецца прызначаная гадзіна, вернік кажа ўголас ці ў думках: Госпадзе Ісусе, я аддаю Табе гэтую гадзіну як сваю ахвяру, як сваё знаходжанне з Табой, — і стараецца рабіць тое, што робіць, як мага лепш.
Першая пятніца — гэта не пытанне звычкі
— Акрамя таго: паколькі духоўнасць Ганаровай Варты звязана з духоўнасцю Найсвяцейшага Сэрца — заўсёды ў цэнтры ўвагі будзе першая пятніца месяца і святая Камунія, якую мы ў гэты дзень прымаем як пакуту за грахі чалавецтва. Дарэчы, абавязак Гадзіны Прысутнасці таксама не з’яўляецца грахом: калі забудзешся, проста скажаш: Госпадзе, даруй мне, я забыўся, таму я пачну сваю Гадзіну варты прама зараз, калі ўспомніў.
Мне вельмі падабаецца, як разумна гэта прыдумана. Людзі жывуць у складаны час, маюць столькі спраў і абавязкаў… Ну, калі прапусціў сваю Гадзіну раніцай ці днём, зрабі яе ўвечары! Гэта не строгае манаскае патрабаванне. Гэта наогул не патрабаванне, а сродак палепшыць тое, як мы жывём. Прычым як мы жывём штодня, а не толькі па першых пятніцах месяца, — так і гадзіну прысутнасці павінны пражываць з Богам штодня.
— Давайце вернемся да першай пятніцы месяца.
— Так, і тут таксама многае трэба ўдакладніць для правільнага разумення. Калі мы гаворым пра першую пятніцу, часцей за ўсё на розум прыходзіць споведзь. Але сутнасць першай пятніцы з’яўляецца не споведзь. Цэнтр першай пятніцы — гэта Камунія. Асяродкам духоўнасці першых пятніц з’яўляецца св. Камунія як адкупленне за грахі. Споведзь — так, калі яна неабходная.
Бывае, што людзі прызвычаіліся да такога разумення: о, першая пятніца — трэба ісці на споведзь (нават калі гэта было ў нядзелю). Таму што «трэба». Але калі ў цябе няма цяжкага граху — можна прыступіць да Камуніі!
Я часта заахвочваю: калі хто можа, прыходзьце на споведзь у іншы дзень перад першай пятніцай — каб гэтая св. Імша, гэтая Эўхарыстыя ў першую пятніцу была перажыта цалкам, ад пачатку да канца, а не так бегам, каб нам удалося выканаць усе свае «касцельныя абавязкі» за адзін раз.
Калі няма іншай магчымасці, то гэта зразумела; але ў нас, святароў, таксама часта распаўсюджана разуменне, што «Першая пятніца — усе на споведзь». Не, гэта няпраўда. Раней не хапала святароў, яны рэдка прыходзілі. Гэтая звычка засталася ад пастырскіх візітаў у першыя пятніцы месяца; але цяпер у большасці парафій споведзь адбываецца кожны дзень.
Гадзіна — гэта не 60 хвілін.
— Важна наша перажыванне споведзі. Споведзь — гэта наша рэакцыя на грэх. Я часта пытаюся на катэхезе: калі нам варта спавядацца? Чую адказы: на святы, у першую пятніцу месяца… І ўсё гэта нядрэнна — але недакладна. Таму што мы павінны спавядацца, калі прыходзім на святую Імшу і ведаем, што не можам прыняць Цела Хрыста. Таму ёсць заахвочванне для членаў Ганаровай варты: калі магчыма, спавядацца ў чацвер і адзначаць (разам з супольнасцю або індывідуальна) Святую Гадзіну.
— А Святая Гадзіна з 8 ці 10 вечара? Таму што ёсць розныя меркаванні…
— Звычайна з 11 да поўначы. Але ў некаторых парафіях гэта практычна немагчыма зрабіць. Святая Маргарыта Марыя Алакок жыла ў кляштары; там гэта было магчыма. А калі я працаваў у папярэднім прыходзе, таксама ў санктуарыі Сэрца Езуса, у Шчэціне, пробашч спрабаваў праводзіць Святую Гадзіну з 23:00 і людзей было вельмі мала, бо хто можа сабе гэта дазволіць? Потым яе перанеслі на 20:00, і ў рэшце рэшт зрабілі пасля вячэрняй св. Імшы. А для пажылых людзей — у чацвер перад першай пятніцай, пасля паўдзённай св. Імшы.
Прычым важна ведаць, што гадзіна чування — гэта не сядзець з гадзіннікам у руцэ, і як адну хвіліну не даседзіш, то ўжо «не выканаў». Не! Святая Гадзіна — гэта «Я хачу быць з Езусам у Гефсіманскім садзе». Некаторыя будуць чуваць менш, некаторыя больш. У гэтым прыходзе, у Камянцы-Падольскім, я нават зрабіў так, каб гэта не была «гадзіна». Каб людзі не глядзелі на гадзіннік: ой, яшчэ тры хвіліны, яшчэ дзве… Не хвіліны нас ратуюць, а Езус Хрыстус і наша прысутнасць побач з Ім.
Любіць бліжняга — што гэта такое?
— Гэта другое (пасля Камуніі ў першую пятніцу і Святой Гадзіны) заахвочванне для членаў Ганаровай варты; ёсць яшчэ і трэцяе: «Учыні нашы сэрцы падобнымі да Твайго». Каб жыць духоўнасцю Сэрца Езуса, мы павінны звяртаць на гэта ўвагу ў сваіх паводзінах.
— Што такое «любіць бліжняга»? Што такое «пераймаць Сэрца Езуса»? Чалавек стамляецца, злуецца, робіць памылкі… Ён не можа, не мае такіх здольнасцей — быць ідэальным хрысціянінам. Але і Гасподзь стамляўся і злаваўся… Ці не ствараем мы сабе фальшывы вобраз Сэрца Езуса?
— Я кажу гэта на катэхезе для маладых. Можна прыводзіць прыклады, даваць парады, як хтосьці вырашаў свае цяжкасці. Але гэта зусім не дапаможа. Бо іх жыццё будзе адрознівацца ад жыцця іншых людзей. Таму нам трэба вярнуцца да асноў: да еднасці з Сэрцам Езуса — што таксама з’яўляецца асновай для Ганаровай варты: шукаць, прасіць Езуса, будаваць сваю духоўнасць. Калі мы будзем развіваць сваю духоўнасць — наколькі гэта магчыма — тады будзе больш шанцаў, што мы паступім правільна.
Але калі духоўнасць будаваць няправільна, то можа здарыцца, што ўсе абавязкі выкананыя, а суседзі скажуць: «З гэтым чалавекам жыць немагчыма!» Гэта тое ж самае, як фарысеі выконвалі ўсе свае абавязкі, але Езус звярнуў іх увагу на тое, што яны занядбаюць галоўнае. Як удасканальвацца ў любові да Бога і бліжняга? — кожны чалавек робіць гэта па-свойму. Няма агульных патрабаванняў.
Ігнацый Лаёла вучыў пра 15 хвілін шчырасці, ці то вячэрні рахунак сумлення. Але ўсё ж у кожнага будзе свой шлях. Каб мы навучыліся правільна рэагаваць на ўсё, нам трэба было б перажыць кожную сітуацыю двойчы, а немагчыма перажыць жыццё двойчы.
— Дык што рабіць?
— Памятаць, што чыстае сумленне, рэгулярная споведзь, частае Камунія змяняюць нас. Не рабіце ўсё самі — хай гэта робіць Бог. І ўзрастаць паступова. Калі хтосьці жыў як «чалавек свету», а потым перажыў навяртанне, то ён ужо бачыць у сабе больш таго, чаго раней не заўважаў. Змяніліся яго ацэнкі.
Тыя, хто добра жыве з Богам, часта лічаць сябе вялікімі грэшнікамі, хоць я думаю, што калі б усе былі такімі «грэшнікамі», свет ужо быў бы святым… Але нават калі на вашай вычышчанай вопратцы засталіся толькі маленькія плямкі, гэта не значыць, што вам больш няма куды расці. Бог заўсёды чакае наперадзе.
Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач
