Дзень салезіянскай духоўнасці адбыўся ў Бараўлянах

17 лютага ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці, на які былі запрошаны ўсе галіны салезіянскай сям’і, дзейнічаючыя на Беларусі, а таксама аніматары, паведамляе sdb.by.

Распачалася сустрэча са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB.

Пад час казання дэлегат, разважаючы над Евангеллем, казаў аб тым, наколькі будаванне адносін важней за нейкія матэрэальныя рэчы. Разглядаючы постаць Левія, святар падкрэсліў, што ў сваім жыцці ён быў не свабодны, прывязаны да сваіх абавязкаў, пасады і той ролі, якую выконваў у грамадстве. І адносіны ў Левія таксама былі не шчырыя, людзі яго не паважалі. Езус, бачачы гэтую сітуацыю, жадаў вызваліць Левія, таму што чалавек без адносінаў мёртвы. А Езус з’яўляецца майстрам адносін, Ён той, хто шукае ўсіх самотных, адкінутых, прагнучы перамяніць іхняе жыццё.

Нам, як людзям, часта ўласціва пазбягаць адносін, прасцей зрабіць усё самаму, не ўваходзячы ў сітуацыю іншага чалавека. “Пакліканне салезіянскай сям’і быць падобнымі да Хрыста і ісці да Левіяў, якія могуць стаць Мацвеямі, свабоднымі, прабачанымі і любымі. Ісці не да такіх людзей, якія нам усміхаюцца і з якімі нам лёгка, а адказваць на выклік і ісці ў складаныя адносіны, бо гэта самая цяжкая праца, якая толькі ёсць у гэтым свеце”, – падкрэсліў кс. Павел.

Калі завяршылася святая Эўхарыстыя, усе перайшлі ў араторый, дзе падрабязна разважалі над дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства кс. Анхеля Фернандэса Арцімэ на бягучы год. Дэвіз заснаваны на сне ксяндза Боска, які ён убачыў 200 год таму ў дзевяцігадовым узросце і які прадвызначыў пакліканне святога і вялікую спадчыну, якую ён пакінуў.

Вядучымі мерапрыемства сталі кс. Артур Ляшнеўскі SDB і сястра Дар’я Еўтухоўская FMA. Напачатку прысутныя ў гульнявой форме ўзгадалі дэвізы мінулых гадоў, а пасля паглядзелі відэа актуальнага дэвіза, паракладзенага на беларускую мову. Кс. Артур і сястра Дар’я пасля прагляду відэа падрабязней паказалі і распавялі пра некаторыя пункты дэвіза на падставе перакладзенага каментара. Адбылося і так званае ток-шоў “20 пытанняў да дэлегата”, дзе кс. Павел адказваў на пытанні, шматлікія з якіх былі звязаны з тэмай дэвіза.

Была і працоўная частка сустрэчы: салезіянская сям’я падзялілася на 5 груп, кожная з якіх абмяркоўвала мары салезіянскай сям’і на Беларусі.

Завяршылася сустрэча традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрыю ноч. Кс. Павел падзякаваў усім прысутным за жаданне прыняць удзел у дні салезіянскай духоўнасці, асаблівым чынам усім арганізатарм сустрэчы. А таксама заклікаў да канкрэтных крокаў. Варта, каб гэты дзень не застаўся проста днём, у якім мы добра правялі час і даведаліся нешта новае, варта, каб ён матываваў нас да далейшага дзеяння і будавання сапраўдных і шчырых адносін у салезіянскай сям’і.

для друку для друку