Нядаўна мне давялося рабіць фотарэпартаж у праваслаўнай царкве. Ведаючы артадаксальныя традыцыі праваслаўных братоў, я ўзброілася хусцінкай, апранула доўгую сукенку. У такім выглядзе выправілася ў храм. Падчас Боскай літургіі назірала за прысутнымі жанчынамі. Усе яны былі апранутыя дастаткова сціпла, амаль у кожнай на галаве была хусцінка. Тады злавіла сябе на думцы, што мяне вельмі прываблівае такі стыль. І сама я адчувала сябе асабліва прыгожай у далікатнай светлай сукенцы. У канцы службы да мяне падышла адна прыхаджанка, мы пачалі размаўляць. У размове яна спытала: “А Вы ж матушка? Так?” Гэта пытанне мяне збянтэжыла і нават крыху насмяшыла. У той момант я зразумела, што з дрэс-кодам у мяне ўсё атрымалася. А мае калегі яшчэ доўга жартам называлі мяне пападдзёй.
У Каталіцкім Касцёле няма абавязку пакрываць галаву хусткай. Аднак усё ж, ідучы на сустрэчу з Богам, мы павінны прытрымлівацца пэўных правіл, якія дыктуе нам сумленне. Зразумела, што на спатканне са Стваральнікам неба і зямлі мы апранаем самыя лепшыя рэчы са свайго гардэробу. Але найлепшы не значыць правільны. У пачатку мая быў запушчаны жаночы падкаст “К себе – с любовью”, галоўная мэта якога – раскрыць прыгажосць і ўнікальнасць кожнай жанчыны ў кантэксце Каталіцкага Касцёла. Мы пагутарылі з сястрой-дамініканкай Міхалінай Маркевіч – вядоўцай падкасту – пра касцельны дрэс-код.
– Хвала Хрысту! Сястра Міхаліна, у праваслаўнай царкве існуе сталая традыцыя, якая датычыцца жаночага адзення. У царву прынята апранаць доўгія спадніцы або сукенкі, завязваць хусцінку. Ці ёсць штосьці падобнае ў Каталіцкім Касцёле?
– Хвала навекі! Ад пачатку кожны чалавек мае вольную волю. Гэта значыць, што дарослая асоба самастойна робіць свой жыццёвы выбар, адрознівае дабро ад зла, праўду ад падману. Гэта датычыцца ўсіх сфераў нашага жыцця. Выбар адзення з’яўляецца яшчэ адной праявай вольнай волі. Касцёл не навязвае пэўных правіл і стэрэатыпаў. Жанчына сама выбірае, што ёй апрануць на сустрэчу з Богам. Але гэта не значыць, што мы можам прыйсці ў храм у пляжным або спартыўным адзенні. Варта суадносіць свой стыль з тым месцам, якое збіраемся наведаць. Я заўважаю, што прыгожая палова часта кідаецца з крайнасці ў крайнасць. Ёсць дзяўчаты, якія абыякава падыходзяць да выбару адзення, аргументуючы гэта тым, што Бог нас любіць у любым выглядзе. І гэта праўда. Бог любіць нас заўсёды ў любым выглядзе. Аднак мы таксама павінны любіць і паважаць Яго. Сведчаннем нашай павагі будзе адпаведна падабраны гардэроб.
Іншая частка жанчын удзяляе значную ўвагу знешняму выгляду, забываючыся пра духоўнае: такія верніцы прыходзяць у касцёл у прыгожых сукенках і спадніцах, апранаюць найлепшыя рэчы. Тым самым яны ствараюць культ вопраткі. Адзенне выходзіць на першы план, засланяючы Бога. Так быць таксама не павінна.
– Калісьці ў маёй бабулі вопратка для касцёла падзялялася на дзве часткі: адзенне для нядзелі і ўрачыстасцей і адзенне для звычайных дзён. Ці ёсць такая традыцыя зараз? Чым адрозніваюцца “святочны” і “нядзельны” вобразы ад “будзённага”?
– Адказваючы на гэта пытанне, хочацца прывесці прыклад з жыцця. Калі мы збіраемся ў госці да сваіх знаёмых, то апранаем адну вопратку. Калі ж на шлюб – зусім іншую. Гэта зразумела. Сваёй вопраткай мы падкрэсліваем значнасць, важнасць і ўрачыстасць падзеі. Падобная сітуацыя і з касцёлам. Можна заўважыць, што ў буднія дні ёсць адрозненні і ў літургіі, і нават у колеры арната святара. Зразумела, што ў нядзелю і ўрачыстасці жанчына павінна выглядаць больш прыгожа, падкрэсліваючы выключную важнасць гэтага дня. У звычайныя дні многія працуюць. Вяртаючыся дадому, наведваюць касцёл. Зразумела, што адзенне будзе больш простым і шараговым.
– Жанчыны сталага веку часта робяць заўвагі дзяўчатам, якія прыходзяць у касцёл у джынсах ці іншага кшталту штанах. Ці дапушчальныя джынсы ў касцёле?
– Нашы бабулі выхоўваліся ў іншы час. Тады штаны лічыліся мужчынскім адзеннем. Апранаць такое адзенне ў касцёл лічылася брыдкім. Зразумела, што час змяніўся. Джынсы і іншыя штаны ўвайшлі ў гардэроб сучаснай жанчыны. Аднак, апранаючы джынсы ў храм, трэба некалькі разоў падумаць, ці падыходзіць дадзеная мадэль святому месцу. Джынсы, што аблягаюць, падкрэсліваючы кожную дэталь, наўрад ці будуць адпавядаць службе. Недарэчнымі будуць джынсы з дзіркамі, заніжанай таліяй. Такія мадэлі будуць глядзецца вульгарна. Калі ўсё ж хочацца апрануць джынсы, то варта аддаваць перавагу класічным мадэлям.
А вось з заўвагамі варта быць асцярожнымі. Рэзкае слова можа пакрыўдзіць чалавека. Пасля грубай заўвагі асоба можа парваць усе стасункі з касцёлам. А той, хто груба выказаўся на адрас жанчыны, будзе ў адказе за свой учынак. Неабходна памятаць пра галоўную хрысціянскую запаведзь – запаведзь любові.
– Многія дзяўчаты і жанчыны ўваходзяць у склад літургічнай службы: выконваюць абавязкі лектара або кантара. Іх бачыць вялікая колькасць парафіян. Як павінны выглядаць яны?
– Некалькі гадоў таму здарылася сітуацыя, якую і сёння прыгадваю з болем. Падчас рэзурэкцыі дзяўчына выйшла спяваць псальм у джынсах, якія цалкам абцягвалі фігуру. Гэты вобраз ніяк не суадносіўся з вялікай пасхальнай урачыстасцю. Асобы, каторыя выходзяць да амбоны, павінны загадзя рыхтаваць не толькі спеў або тэкст, але яшчэ падумаць і пра сваю знешнасць. Вобраз лектара або кантара мае на мэце падкрэсліць важнасць Божага слова. Неадпаведны вобраз будзе адрываць парафіян ад зместу тэкстаў, выклікаць неадназначныя думкі і нават асуджэнне.
– Мы ведаем, што ў сучасным свеце шмат жаночых эталонаў. Спявачкі, мадэлі і іншыя медыйныя асобы становяцца сапраўднымі ідэаламі для дзяўчат і жанчын. Каго з біблійных жанчын Вы маглі б назваць прыкладам для хрысціянкі?
– Такіх прыкладаў можна прывесці безліч. Для мяне асабіста ёсць найперш тры такія вобразы. Захапляюся жанчынай, якая сваёй прыгажосцю і жаноцкасцю ўратавала родны горад ад нашэсця асірыйцаў. Гэтай моцнай асобай была Юдыта. Яшчэ адным прыкладам з’яўляецца каралева Эстэра. Яна была не толькі прывабнай жанчынай, але яшчэ і сціплай, ціхай, адданай сваёй рэлігіі і народу. Бясспрэчна, над усімі біблійнымі жаночымі вобразамі стаіць Найсвяцейшая Панна Марыя. Яе беззаганнасць, чысціня, пакора і самаадданасць робяць Багародзіцу галоўным эталонам для любой каталічкі!
– Якую параду Вы можаце даць дзяўчатам, што знаходзяцца ў пошуках уласнага вобразу?
– Любіць і паважаць сябе. Пяшчотна і шчыра ставіцца да сваёй асобы. Не прыніжаць уласную годнасць вульгарным адзеннем. Лічу, што першапачаткова неабходна разабрацца ў сабе, у сваім унутраным свеце. Адказаць на пытанне: якая я? Зыходзячы з адказу, выбіраць для сябе адпаведны вобраз. А яшчэ хочацца нагадаць кожнай жанчыне, што яна ўнікальная, моцная, здольная на многае. Яе галоўная сіла ўнутры. І гэтая сіла – любоў.
Гутарыла Марта Венславовіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!