
Паводле вынікаў апытання, праведзенага Цэнтрам даследавання грамадскай думкі, дзеці ва ўзросце 6-12 гадоў у сярэднім праводзяць ля камп’ютара 11 гадзін у тыдзень. Старэйшыя – да 15-га году жыцця – марнуюць у сеціве 17 гадзін, а падлеткі (да 19 гадоў) – 21 гадзіну ў тыдзень. Ды і самая лепшая статыстыка – суседзі, знаёмыя, сваякі ўвесь час наракаюць на тое, што дзеці “жывуць” у інтэрнэце, не вылазяць з сацыяльных сетак ды гульняў. Таму нам, дарослым, варта задумацца і прапанаваць сваім дарагім дочкам і сынам скарыстаць час посту на тое, што сапраўды цяжка даецца, ды адмовіцца ад гаджэтаў.
Зрабіць пастанову
Ці бачылі Вы дзяцей, якія самі добраахвотна прапануюць у якасці пастановы на Вялікі пост адмову ад гаджэтаў? Хочацца верыць, што такія ёсць, але, як паказвае практыка, падказваюць такую ідэю самі бацькі, якія прагнуць, каб іх кравіначкі пакрысе пачалі вучыцца ўздымацца над сваімі слабасцямі. Таму прапануйце дзецям абраць рэжым offline і падтрымайце іх сваім прыкладам, бо цяжка сам на сам змагацца са спакусай на працягу 40 дзён посту, калі побач маці, што перапісваецца з сяброўкамі ў сацыяльных сетках, ці бацька які па некалькі гадзін гуляе ў “танчыкі”.
Каб дзіцяці было лёгка адмерваць час ды радавацца сваім маленькім перамогам, можна разам зрабіць адмысловы каляндар з назвай пастановы і ў канцы дня клеіць налепку, калі ўдалося стрымаць абяцанне.
Знайсці альтэрнатыву і час на малітву
Для многіх дзяцей тэлефон ці планшэт – гэта неад’емная частка іх штодзённасці, рытуал, без якога ў жыцці ўтвараецца пустка. Страшныя словы, але гэта так. Таму варта задумацца над тым, што можна прапанаваць дзіцяці замест гульняў і сацыяльных сетак, каб яно магло бавіць вольны час. Гэта могуць быць звычайныя хатнія абавязкі: вымыць посуд, прыбраць, дапамагчы гатаваць вячэру, пагуляць з малодшай сястрой ці братам, адрэмантаваць разам з бацькам зэдлік, у якога ўжо некалькі месяцаў таму раз’ехаліся ножкі, узяць у бабулі спіс неабходных прадуктаў, набыць іх у краме і аднесці і г.д. Можна таксама заахвоціць дзіця да творчасці – прапанаваць заняцца вырабам велікодных аздоб, паштовак, намаляваць малюнкі на адпаведную тэматыку. А яшчэ варта прапанаваць больш часу праводзіць з сябрамі, з якімі можна гуляць у настольныя гульні, шпацыраваць па вуліцы, ганяць мяч. Магчыма, гэты вопыт дапаможа ўсвядоміць, што ніякі камп’ютар не ў стане замяніць жывыя зносіны.
P.S. Прапаноўваючы сваім дзецям рэжым offline, не забудзьце, што ў дарослых таксама ёсць адпаведны тумблер. Толькі ён уключае “бацькоўскі рэжым”, які дазволіць адказаць на пытанне: чаму сыны і дочкі ўсё часцей уцякаюць ад рэальнасці і давяраюцца не сваім блізкім, а бяздушным машынам. Адна з прычын банальная – дарослыя неахвотна прысвячаюць свой вольны час дзецям ці проста яго не маюць з-за пастаяннай гонкі за грашыма. Але ёсці іншыя. Пастарайцеся іх знайсці.
