Цуды ў Дунілавічах праз заступніцтва Маці Божай Ларэтанскай

У дунілавіцкім касцёле знаходзіцца абраз Маці Божай Ларэтанскай. Пробашч парафіі распавёў “Каталіцкаму Весніку” некалькі выпадкаў цудоўных здарэнняў, звязаных з гэтым абразом.

Аднойчы ў закрыстыю прыйшла жанчына, якая ахвяравала Маці Божай шлюбны пярцсёнак. “Што сталася?” – пытаецца пробашч кс. Павел Самсонаў. – Ды вось, ойчанька, маем вялікую праблему ў сям’і: дзеці разводзяцца. Маладая пара ўжо падала на развод. У судзе будзе апошняе пасяджэнне, на якім іх і развядуць. Маці аднаго з сужэнцаў як за апошнюю саломінку ўхвацілася за малітву і вырашыла ахвяраваць пярсцёнак у інтэнцыі ўратавання сям’і.

Праз зусім кароткі час ксяндзу пазванілі. Радасны голас жанчыны ў трубцы кажа: “Кс. Павел, цуд адбыўся! Яны забралі заяву з суда. Маці Божая ўратавала сям’ю!”

“Што сталася далей з гэтай сям’ёй, не ведаю, – прызнаецца ксёндз Павел. – Але ніякіх паведамленняў пра тое, што гэтая сям’я распалася, да мяне не паступала”.

Другі цудоўны выпадак звязаны з частай сітуацыяй у сучасных сем’ях, калі сужэнцы не могуць мець дзяцей. Так было і ў гэтай сям’і. Сужэнцы прайшлі ўсіх дактароў, маліліся, але заставаліся бяздзетнымі. І ў такім выпадку дапамагла заступніцкая малітва зямной маці і дапамога Матулі Нябеснай. Старэйшая жанчына прызналася кс. Паўлу Самсонаву, што дзесяць месяцаў малілася сама да Маці Божай Ларэтанскай і маліліся тыя сужэнцы. Праз дзесяць месяцаў малітвы у маладых бацькоў нарадзілася дзіцятка.

“Тое, што абраз цудадзейны, мы ў парафіі не маем сумневу, – кажа кс. Павел. – Некалькі разоў да мяне прыходзілі вернікі і ахвяравалі дары: хто завушніцы, хто  пярсцёнак. На маю просьбу распавесці, за што яны складаюць такія каштоўныя дарунакі Маці Божай, сціпла адказвалі: “Ойча, хай гэта застанецца паміж намі і Панам Богам”.

Сведчанні запісаў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку