Цэнтру «Светач» у Бягомлі – 7 гадоў

7-годдзе дзейнасці адзначыў цэнтр «Светач» пры каталіцкай парафіі Хрыста Валадара Сусвету ў Бягомлі. На ўрачыстасць сабраліся выпускнікі цэнтра з Мінска, Брэста, Жодзіна, Барысава, Наваполацка, Гомеля, Глыбокага, Докшыц.

15 ліпеня святкаванне пачалося ў Доме культуры з прагляду відэапрэзентацыі. Кіраўнік цэнтра Уладзімір Шчэпін расказаў пра дзейнасць «Светача», яго дасягненні, выказаў словы ўдзячнасці духоўнаму кіраўніку а. Тадэвушу Кавальскаму, пробашчу мясцовай парафіі. Таксама адзначыў дапамогу мясцовай дзяржаўнай улады, якая адкрытая на супрацоўніцтва.

Пачынаў цэнтр працу з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю. Гэта асноўны накірунак дзейнасці і цяпер. Але ў сённяшні час тут працуюць з усімі відамі залежнасці. І наогул, у «Светач» можна звяртацца з любой праблемай, спецыялісты цэнтра акажуць патрэбную дапамогу. За 7 гадоў дзейнасці гэтай установы 180 чалавек атрымалі дапамогу. Узрост тых, хто звяртаўся па дапамогу, ад 14 да 66 гадоў. У асноўным у «Светач» звяртаюцца ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў. Гэта жыхары Беларусі і Расіі. 40% выпускнікоў цэнтра змянілі сябе, наладзілі сваё жыццё. Некаторыя з іх жывуць далёка за мяжой, але даслалі віншаванні і падзяку супрацоўнікам «Светача».

Супрацоўнікі цэнтра – тыя, хто сам пазбавіўся залежнасці і атрымаў альбо меў адукацыю псіхолага. Напрыклад, Уладзімір (71 год) – псіхолаг, псіхатэрапеўт. У 66 гадоў трапіў у цэнтр, паспяхова прайшоў курс рэабілітацыі. Потым атрымаў другую вышэйшую адукацыю і дапамагае іншым. Першым крокам да пазбаўлення ад залежнасці з’яўляецца жаданне залежнага змяніць сваё жыццё. Неабходна рэальна ацаніць сябе, прызнаць сваю залежнасць, усвядоміць сваё бяссілле, тое, што не можаш кантраляваць сваё жыццё.

Праца цэнтра ўключае ў сябе праграму «12 крокаў», заснаваную на пераасэнсаванні свайго жыцця. У «Светачы» усё адбываецца паводле адпаведнага раскладу. Чалавеку неабходна быць дысцыплінаваным, прыкладаць намаганні, пераадольваць сябе, браць на сябе адказнасць за сваё жыццё, за свае паводзіны, вучыцца будаваць адносіны з навакольнымі.

Прабыванне ў цэнтры ажыццяўляецца за кошт дабравольнага ахвяравання. Адначасова ў цэнтры могуць пражываць 10 чалавек: 6 мужчын і 4 жанчыны. За месяц на патрэбы аднаго рэабілітанта траціцца 1100 рублёў. Калі ж у чалавека няма такой фінансавай магчымасці, то рэабілітацыя адбываецца за кошт ахвяраванняў, сабраных у каталіцкіх парафіях падчас сведчанняў, за кошт дабрадзеяў. За 7 гадоў працы цэнтра нікому не было адмоўлена ў дапамозе.

Са студзеня 2017 года ў «Светачы» праводзіцца праца з сузалежнымі з мэтай дапамагчы ўсталяваць здаровыя адносіны паміж роднымі і блізкімі.

Давер да Бога дае сілы для выздараўлення. «Светач» – намоленае месца. 16 ліпеня была адпраўлена святая Імша, якую цэлебравалі а. Тадэвуш Кавальскі і кс. Алег Зямчонак. Удзельнікі сустрэчы маліліся ў капліцы ў Бярозаўцы. Падчас святой Імшы быў асвечаны абраз Маці Божай Шкаплернай.

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык і Уладзімір Падгайны, фота

для друку для друку