16 чэрвеня ў парафіі св. Пятра і Паўла ў Жупранах Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB разам з салезіянамі адсвяткаваў 25-годдзе святарства і 10-годдзе біскупства.
Падзея сабрала вакол сябе сабратоў салезіянаў. На ўрачыстасць таксама прыбыў інспектар Варшаўскай салезіянскай інспекторыі, да якой належыць беларускі рэгіён, ксёндз доктар Тадэвуш Ярэцкі SDB. Памаліцца разам з біскупам сабраліся шматлікія парафіяне.
Перад пачаткам святой Імшы біскуп Аляксандр адзначыў, што яму вельмі хацелася адсвяткаваць свае юбілеі менавіта з сабратамі салезіянамі. Ён прывітаў ксяндза Тадэвуша і ксяндза Марціна, якія прыбылі з Польшы, а таксама кожнага сабрата салезіяніна, а асаблівым чынам ксяндза Алега Каралёва SDB, які ў гэты дзень святкаваў дзевяцігоддзе святарства.
Казанне да сабраных прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз доктар Віктар Гайдукевіч SDB. Ён адзначыў, што кожны юбілей — гэта не проста лічбы і даты ў календары, гэта гісторыя, духоўная спадчына, момант, калі чалавек азіраецца назад, каб зразумець Божую прысутнасць. Станоўчы адказ на голас паклікання вельмі цяжка зразумець з чалавечага пункту гледжання, гэта не паддаецца нашай логіцы. Таму на такі крок трэба глядзець з вышыні Божага Провіду – з перспектывы Яго збаўчага плана.
“І вось таму, калі чалавек уступае з Богам у адносіны, шчыра, поўнасцю, без умоў і гарантый, калі ён аддае ўсё, не пакідаючы нічога сабе, – ён не можа быць падмануты, не можа прайграць. Бо Бог ніколі не расчароўвае. Рызыка паразы з Богам не існуе. Яна роўная нулю. Больш за тое: чым больш чалавек давярае, чым радыкальней уступае ў адносіны з Богам, тым вышэй верагоднасць перамогі – Божай перамогі. Менавіта з такой перспектывы сёння хочацца глядзець на жыццё і святарскую паслугу біскупа Аляксандра”, – падкрэсліў святар. Далей ксёндз Віктар адзначыў, што гэтыя 25 год пастырскага служэння сталі прыгожай гісторыяй дзякуючы супрацоўніцтву з Богам, евангельскаму даверу і поўнай адданасці Хрысту. “І сапраўды, усё ў жыцці біскупа Аляксандра кажа пра вернасць: вернасць пакліканню, Касцёлу, салезіянскай харызме і чалавеку. Яго шлях пачынаўся з пакоры і захаплення Хрыстом – і сёння застаецца шляхам сціплага, але ўпэўненага служэння. У ім мы бачым не адміністратара, а пастыра. Не толькі таго, хто патрабуе, але таксама таго, хто вядзе і суправаджае. Прысутнасць Хрыста ў жыцці біскупа Аляксандра ад самага пачатку была не тэарэтычнай, а цалкам рэальнай, практычнай. Яна патрабавала не толькі роздуму, але перш за ўсё – рашэння. І тут мы павінны дакрануцца да аднаго з найважнейшых аспектаў паклікання, які часта застаецца па-за ўвагай: гатоўнасці рызыкаваць усім. Паўтаруся: гэта не стратэгія. Гэта – вера. Гэта – крок у цемру, але з упэўненасцю, што гэтая цемра асветленая Божай прысутнасцю,” – дадаў ксёндз Віктар.
Напрыканцы Імшы са словамі віншавання да шаноўнага юбіляра звярнуўся і інспектар Тадэвуш Ярэцкі. Ён падзякаваў біскупу за жаданне падзяліцца сваёй радасцю з салезіянамі і пазычыў служыць далей з новым энтузіязмам, новай сілай і любоўю. Каб служэнне было напоўнена радасцю і сагрэта промнямі сонца.
Павіншавалі біскупа таксама сабраты салезіяне, вернікі і дзеці. Напрыканцы слова ўзяў сам юбіляр. Біскуп у першую чаргу падзякаваў Пану Богу за дар паклікання і суправаджэнне ў жыцці. Яго эксцэленцыя падкрэсліў, што Бог для яго, у першую чаргу, Тата, які заўсёды гатовы прытуліць і прыйсці на дапамогу, таму ён заахвоціў усіх, асабліва дзяцей і моладзі прыходзіць да Бога і давяраць Яму сваё жыццё. Падзякаваў біскуп і сваім бацькам за дар жыцці і перададзеную веру. Словы падзякі гучалі і ў бок сабратаў салезіянаў, за іх прысутнасць і падтрымку ў жыцці і служэнні. Асабліва адзначыў юбіляр ксяндза Юзафа Занеўскага SDB, дзякуючы якому салезіянская справа на Беларусі адрадзілася і які да гэтага часу з’яўляецца прыкладам жывога служэння і жадання працаваць з ахвотай і салезіянскім запалам.
Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC, sdb.by.
