Беларускі святар распавядае пра місіянерскае служэнне ў Афрыцы

svatar_AfrykaСусветная арганізацыя аховы здароўя рапартуе пра поспехі ў змаганні з ліхаманкай Эбола ў Афрыцы. За апошнія тыдні ў Лібэрыі вірусам заразілася рэкордна мала людзей, калі лічыць ад леташняга чэрвеня, а ў Сьера-Леонэ і Гвінэі — ад жніўня.

Такім чынам, прагрэс назіраецца ва ўсіх трох заходнеафрыканскіх краінах, дзе ўспышка хваробы аказалася найвастрэйшаю. Найбольшая колькасьць заражэнняў — звыш 10 тысяч з агульнага ліку больш як 21 тысяча — зафіксаваная ў Сьера-Леонэ. У самым эпіцэнтры знаходзіцца і, бадай, адзіны беларус, які дапамагае афрыканцам супрацьстаяць навале духоўна і матэрыяльна — каталіцкі місіянер, ксёндз Сяргей Гоман.

Мэдычная дапамога на нулявым узроўні, небяспека тоіцца ўсюды.

Айцец Гоман місіянерам у Афрыцы працуе амаль паўтара дзясятка гадоў, апошнія сем гадоў — у Сьера-Леонэ. Дагэтуль быў у Гане, Угандзе, Нігерыі, Кеніі. Толькі раз на 2–3 гады ўдаецца выехаць з Афрыкі на вакацыі дадому. З тэхнічных прычынаў аказалася не так проста паразмаўляць з ім праз тэлефон ці скайп, давялося задаволіцца электронным ліставаннем. Пры гэтым суразмоўца папярэдзіў, што будзе пісаць па-ангельску, бо не мае клавіятуры з кірылічнымі літарамі.

Неўзабаве ад Сяргея Гомана прыйшлі першыя здымкі. На іх — глухая, цяжкадаступная вёска, дзе больш за 20 чалавек ужо памерлі ад ліхаманкі Эбола. Як удакладняе святар, гэта аддаленае месца, фактычна адарванае ад «вялікай зямлі», з дрэннай дарогай і нулявой інфраструктурай. Адзінай дапамогай служыць верны сябра — матацыкл.

Дабраўся не без прыгодаў, але галоўнае, што здолеў перадаць дарослым і дзецям калядныя падарункі. Адметна, што ўсе жыхары ў той вёсцы мусульмане, але, як кажа Сяргей Гоман, «яны пачулі мой мэсэдж, што Бог любіць іх і клапоціцца пра іх».

Наколькі мясцовыя жыхары напалоханы ліхаманкай Эбола? Вось якое ўражанне склалася ў беларускага місіянера: «Мясцовыя людзі не баяцца ўвогуле нічога. Я не перабольшваю. Баяліся хіба напачатку: некаторыя перасталі паціскаць адзін аднаму руку ды ў сям’і асцерагаліся есці з адной талеркі. Але цяпер і гэтыя страхі адыходзяць».

На афрыканскім кантынэнце дзясяткі хваробаў, якія пагражаюць жыццю. Паколькі медычная дапамога на нулявым узроўні, небяспека тоіцца практычна ўсюды:

«Увогуле тут вельмі шмат хваробаў, ад якіх можна памерці. Некаторыя небяспечныя перадусім таму, што няма своечасовай медычнай дапамогі.

Напрыклад, у вёсках няма практычна ніякага доступу да лекаў і медычнага абслугоўвання, таму бедныя людзі звяртаюцца да так званых „witch doctors“ — то значыць ідуць да знахараў ці ведзьмакоў, якія лечаць заклінаннямі. Часам гэта бывае карысна, але ў большасьці выпадкаў толькі шкодзіць».

svatar_Afryka_2

Сяргей Гоман са сваімі выхаванцамі

Традыцыйнай бядой для Афрыкі застаецца высокая дзіцячая смяротнасьць. Насуперак пашыранай думцы, што слабыя арганізмы малых не вытрымліваюць выпрабавання хранічным голадам, спадар Гоман не такі катэгарычны:

«На жаль, у Сьера-Леонэ кожнае сёмае дзіця памірае, не дасягнуўшы пяці гадоў. Што тычыцца наступстваў хранічнага недаядання, то, відаць, у большай ступені ўсё ж паміраюць ад харчовага атручэння, але я ніколі не чуў, каб хтосці паміраў ад голаду».

Карупцыя сярод палітыкаў у Сьера-Леонэ такая ж, як і ўсюды.

Ці здольныя ўлады афрыканскіх дзяржаваў самастойна змагацца з праблемамі, якія прыносіць кожная новая навала — як ліхаманка Эбола ці любая іншая эпідэмія? Сяргей Гоман перакананы, што такая задача — з шэрагу невырашальных:

«Сьера-Леонэ — адна з найбяднейшых краінаў у свеце. І дзеля таго, каб супрацьстаяць Эболе, у іх няма ні ўласных сродкаў, ні тэхнічных магчымасцяў. Самастойна, без дапамогі іншых дзяржаваў, справіцца з навалай немагчыма. Дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што немалая дапамога, у тым ліку фінансавая, з іншых краінаў паступае, але як урэшце расходуюцца гэтыя сродкі — нікому невядома. На жаль, тут карупцыя таксама мае вялікія памеры сярод палітыкаў».

svatar_Afryka_4

Яскравыя тубыльцы

Як удакладняе суразмоўца, практычна ўсе краіны Афрыкі сутыкаюцца з адной і той жа праблемай — закрытасцю і недаступнасцю інфармацыі. З аднаго боку, афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што атрымліваюць адчувальную дапамогу ад знешніх донараў, а з іншага боку — надзвычай складана прасачыць шлях гэтых сродкаў да атрымальніка. На яго думку, у дадзеным выпадку нашмат больш эфектыўнымі былі б адрасныя пералічэнні на стварэнне шпіталяў ды месцаў занятасці насельніцтва:

«Тры краіны, якія найбольш ахопленыя ліхаманкай Эбола, — гэта Гвінэя, Лібэрыя і Сьера-Леонэ. Больш ці менш аднолькава яны выглядаюць і ў эканамічным плане. Мне даводзілася чуць меркаванні, што багатыя краіны першага свету не хочуць, каб краіны трэцяга свету развіваліся. Вось чаму заможныя дзяржавы адпраўляюць дапамогу толькі на пэўных умовах — накшталт прызнання гей-шлюбаў.

Больш бяспечна ў Афрыцы, бо тут меней спакусы забыцца на Бога.

Сьера-леонцы, не далучаныя да выгодаў цывілізацыі, стаічна пераносяць надзённыя праблемы. Таму, як кажа Сяргей Гоман, у гэтым выпадку для іх не менш важная духоўная падтрымка: «Як правіла, у людзей з багатых, развітых краінаў матэрыяльныя рэчы прэвалююць над духоўнымі. А вось у жыхароў Сьера-Леонэ такіх моцных сацыяльных разыходжанняў няма, тут збольшага ўсе аднолькавыя ў сваёй нястачы. Часам у мяне пытаюцца: дзе больш небяспечна жыць — у Афрыцы ці ў Эўропе? Я адказваю, што больш бяспечна ў Афрыцы, бо тут меней спакусы забыцца на Бога. У Эўропе ўсё так прыстасавана, што боскія знакі губляюцца ў штодзённым існаванні людзей, іх складана разгледзець. Дзякуй Богу, беларусы не прымаюць такіх дурных рашэнняў, як эўрапейцы, беларускі закон не прызнае абортаў, заахвочвае да нараджэння дзяцей іпадтрымлівае сямейны дух і тое, чаго Бог хоча…

Каталіцкая місія робіць вельмі вялікі ўнёсак, палова школаў у Сьера-Леонэ належаць менавіта каталіцкай царкве, хоць каталікоў тут усяго каля 10%.

Каталіцкі святы Дон Боска некалі трапна зазначыў: «Мы ў першую чаргу робім з людзей добрапрыстойных грамадзян, а ўжо затым — добрых хрысьціян».

svatar_Afryka_3

Тым не меней, бальшасць канфліктаў у Афрыцы ўзнікаюць якраз на рэлігійнай глебе — дае знаць нецярпімасць да іншай веры і яе прыхільнікаў. Часцей за ўсё супрацьстаянне заканчваецца крывавымі чысткамі. Таму адно са сваіх заданняў Сяргей Гоман акрэслівае так: паспрабаваць пасяліць мір у душах людзей — розных вонкава, але аб’яднаных адзінымі памкненнямі:

«У Сьера-Леонэ, дзякуй Богу, мы жывём у міры з іншымі рэлігіямі. Пры гэтым я перакананы, што ў любой рэлігіі фанатызм уносіць толькі блытаніну і войны. Я ўжо амаль 14 гадоў у Афрыцы і вельмі рады, што магу дапамагчы духоўна, а часам і матэрыяльна людзям, жыццё якіх тут вельмі няпростае. Таму людзі так шчыра цэняць, калі ім хтосці дапамагае. Што і намагаецца рабіць каталіцкая царква і я ў яе асобе».

Калі адказы на журналісцкія пытаньні былі падрыхтаваныя і адасланыя, спадар Гоман прыслаў наўздагон яшчэ адну «рэфлексію для разважаньняў». Простымі словамі ён паказаў розьніцу паміж эўрапейцамі і жыхарамі Чорнага кантынэнту:

«Тут, у Сьера-Леонэ, калі я пытаюся ў кагосьці — „Як ты, як справы?“ — амаль заўсёды адказ будзе гучаць аднолькава: „Дзякуй Богу, што яшчэ жывы“. Прычым тыя людзі, якія адказваюць падобным чынам, могуць не мець ні працы, ні дома, вельмі мала ежы, і іх будучыня зусім не акрэсленая, але ўсё ж яны не стамляюцца дзякаваць Богу што працягваюць жыць.

Калі я еду на радзіму ў Беларусь на вакацыі або наведваю сяброў у іншых краінах, то задаю тое ж самае пытаньне — „Як ты?“ — значная частка адказаў будзе такая: грошай не хапае, праца не вельмі добрая, здароўе дрэннае і гэтак далей. Хоць, калі я гляджу на іх, на самой справе яны разоў у 50 жывуць лепш, чым насельнікі Сьера-Леонэ. Людзі павінны больш любіць і менш скардзіцца, тады свет стане спакайнейшым месцам, каб у ім жыць у міры і згодзе…»

У святары — з дыпломам кіроўцы і электрагазазваршчыка.

Сяргей Гоман нарадзіўся ў 1978 годзе ў Дзятлаве Гродзенскай вобласці. Пасля базавай школы вучыўся ў Казлоўшчынскай ПТВ, дзе атрымаў спецыяльнасьці электрагазазваршчыка і кіроўцы-прафэсіянала на аўтамабілі КамАЗ. Але пасля завяршэння вучобы адчуў іншае памкненне — стаць святаром кангрэгацыі салезіянцаў дона Боска. Быў накіраваны ў Маскоўскую вобласць, дзе цягам году знаёміўся з побытам салезіянцаў.

Адтуль быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург, стаў паслушнікам у семінарыі, два гады вывучаў філасофію. Пасля гэтага зноў вярнуўся ў Маскву, служыў у Катэдральным саборы Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, працаваў з моладдзю, займаўся іншымі пастырскімі справамі.

На пытаньне, якім чынам апынуўся ў Афрыцы, спадар Сяргей адказвае, што ніколі не выношваў планаў паехаць на Чорны кантынэнт. Хоць, удакладняе, і адчуваў, што ягонае прызванне — быць місіянерам.

Таму напісаў адмысловае прашэнне вышэйшаму кіраўніцтву кангрэгацыі салезіянцаў дона Боска ў Італіі з просьбай выправіць у місію. Пры гэтым апошні сказ гучаў так: «Толькі, калі ласка, не адпраўляйце мяне ў гарачую краіну. Але калі ў гэтым будзе неабходнасьць, я гатовы выправіцца куды заўгодна». І досыць хутка атрымаў адказ, што будзе накіраваны для служэння ў Заходнюю Афрыку.

Калі святар урэшце пагадзіўся з такім выбарам, спачатку яго адкамандзіравалі ў Ірляндыю вывучаць ангельскую мову, пасля чаго ён ад’ехаў у Італію, каб атрымаць місіянерскі крыж.

11 верасьня 2001 году, якраз калі тэрарысты атакавалі хмарачосы ў Нью-Йорку, спадар Сяргей вылецеў у Гану. Навучаўся тэалогіі ў Кеніі ды іншых краінах, а пазней перабраўся ў Сьера-Леонэ.

Чаму так надоўга зацягнулася афрыканская місія? Як кажа сам суразмоўца, тут яму добра, у Афрыцы ён насамрэч адчувае сябе на сваім месцы.

Хоць, што тычыцца фізычнага стану, то экстрэмальныя ўмовы не паляпшаюць здароўе. І прыводзіць прыклад: калі раней хварэў на малярыю раз на год, то цяпер — амаль што кожныя 2-3 месяцы.

Аднак у гэтым сэнсе Сяргей Гоман прытрымліваецца вядомага выслоўя: справа не ў тым, як доўга ты можаш пражыць, а ў тым, як ты жывеш.​

Ігар Карней, svaboda.org

для друку для друку