24 мая ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні ўрачыста адзначалі свята Марыі Успамогі хрысціянаў. Падчас святой Імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА) склалі свае абяцанні. А таксама адбыўся акт ахвяравання Сям’і Салезіянскай Марыі Успамогі хрысціянаў.
На працягу дзевяці дзён вернікі парафіі маліліся навэннай да Марыі Успамогі хрысціянаў. Час навэнны быў асаблівым часам для членаў АДМА. Гэта быў час духоўнай падрыхтоўкі да ўрачыстасці. 24 мая Асацыяцыя адзначыла сваё 5-годдзе існавання ў Смаргоні.
Асацыяцыя Марыі Успамогі была заснавана святым Янам Боска “для пашырэння ўшанавання Найсвяцейшага Сакраманту і набожнасці да Марыі Успамогі хрысціянаў”. Ксёндз Боска пажадаў заснаваць Асацыяцыю, як знак удзячнаці Марыі за Яе матчыную прысутнасць у яго жыцці і ў яго дзейнасці і як форму хрысціянскага жыцця, заснаваную на пазнаванні, любові і наследванні Панны Марыі. Асацыяцыя Марыі Успамогі кананічна ўзведзена ў Санктуарыі Марыі Успамогі ў Турыне 18 красавіка 1869 года. Зацверджана 5 красавіка 1870 года бласлаўлённым Піем IХ як Братэрства, якое належыць да Салезіянскай сям’і.
У смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла АДМА з’явілася дзякуючы сястры-салезіянке Вераніцы Блізнюк. Моцная вера манахіні, яе адвага і намаганні паспрыялі заснаванню шанавальнікаў Марыі Успамогі.
Урачыстасць пачалася з малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамантам. 1000 разоў гучным рэхам, стоячы на каленях, вернікі парафіі св. Міхала Арханёла разам з ксяндзом Казімірам Мурава і ксяндзом Міхаілам Радзевічам узносілі малітву да Маці Божай, усклікаючы “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”.
Пасля малітоўнага акту “Марыя Успамога” ксёндз дэлегат Павел Шчарбіцкі распачаў урачыстую святую Імшу. Падчас гаміліі святар прапанаваў кожнаму ўдзельніку Літургіі ўзгадаць сваю матулю, жывую або адышоўшую ў вечнасць. Задаць сабе асабістае пытанне: “Чаму навучыла матуля? Якія добрыя ўчынкі матулі асабліва памятаем?” Ксёндз Дэлегат звярнуў увагу на Маці Божую, якая заўжды давярала Пану . Прапанаваў памятаць пра давер Марыі да волі Бога.
Пасля гаміліі ксяндза Паўла члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА) урачыста склалі свае абяцанні “…жыць, даючы сведчанне вернасці Хрысту ў паўсядзённым жыцці, асабліва ў сям’і, у працы, у грамадстве і ў Касцёле, праз сілу, якая сыходзіць з малітвы, з частага і годнага ўдзелу ў Сакрамантах Паяднання і Эўхарыстыі..”.
Спевам “О Марыя, Магутная Панна” быў завершаны акт ахвяравання ўсёй Сям’і Салезіянскай Марыі Успамогі хрысціянаў.
Падчас урачыстай святой Імшы была асвечана харугва з выявай Марыі Успамогі хрысціянаў і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла, заснавальніцы сясцёр-салезіянак. Гэта харугва была ахвяравана смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла членамі АДМА.
Завяршылася ўсё ўрачыстай працэсіяй па вуліцах горада. Вернікі са свечкамі ўшаноўвалі Марыю Успамогі хрысціянаў, молячыся на ружанцы. У пачатку працэсіі неслі харугву, ахвяраваную шанавальнікамі Марыі Успамогі. Мужчыны-салезіяне, апранутыя ў бардовыя комжы, з гонарам неслі фігуру Марыі Успамогі Хрысціянаў. Вакол фігуры Багародзіцы жанчыны АДМА неслі вянок.
На заканчэнне працэсіі ўсе вернікі атрымалі бласлаўленне з акрапленнем святой вадой праз заступніцтва Марыі Успамогі.
Ва ўрачыстай святой Імшы прынялі ўдзел ксяндзы-салезіяне смаргонскай парафіі на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Артурам Ляшнеўскім, які сваім маладым запалам, пабожнасцю, навукова-гістарычнымі ведамі вельмі шмат зрабіў для ўшанавання Марыі Успамогі хрысціянаў. Разам маліліся ксёндз Алег Жураўскі, кс. дзекан Антоній Казлоўскі і кс. Вадзім Сурвіла. Шаноўным госцем была сястра-салезіянка Ірына Барцэвіч, якая шмат гадоў працавала ў смаргонскай парафіі.
Ірына Гацкая АДМА
